Беларусь стала 56-й у рэйтынгу 100 "найлепшых краін свету"

17.08.2010 15:08
Архив Редакция

У рэйтынгу амерыканскага грамадска-палітычнага часопіса Newsweek Беларусь заняла 56-ае месца сярод 100 "найлепшых краін свету". Даследчыкі бралі пад увагу пяць асноўных паказчыкаў: узровень адукацыі, аховы здароўя, дынамізм эканомікі, палітычную абстаноўку і агульны ўзровень жыцця ў краіне.

У пяцёрку лідараў увайшлі Фінляндыя, Швейцарыя, Швецыя, Аўстралія і Люксембург. Расія апынулася на 51 месцы, Украіна — 49, Латвія — 36, Літва — 34, Польшча — 29. Самымі горшымі з доследных дзяржаў прызнаныя Буркіна-Фасо, Нігерыя і Камерун.

Усяго, па розных паказчыках Беларусь набрала 62,5 ачкі. Па ўзроўні эканамічнага дынамізму Беларусь заняла 34-е месца, абагнаўшы ў рэйтынгу Латвію і Польшчу. Характэрна, што «самай дынамічнай ў галіне эканомікі» сярод усіх 100 краін прызналі Сінгапур. Гэта, на думку экспертаў часопіса, звязана з адкрытасцю мясцовай эканомікі, нізкімі падаткамі, а таксама нізкім узроўнем карупцыі.

Па ўзроўні адукацыі, а таксама па якасці жыцця беларусы знаходзяцца на 35-м месцы. Так, спецыялісты сцвярджаюць, што 99,6% насельніцтва Беларусі з’яўляецца пісьменным, а на навучанне сярэдняга беларуса сыходзіць 14,6 года. Самай жа разумнай краінай прызнана Фінляндыя, якая атрымала за гэты паказчык максімальна магчымыя 100 балаў.

Краінай з найлепшай якасцю жыцця спецыялісты прызналі Нарвегію. Для вызначэння гэтага паказчыка эксперты разглядалі такія факты, як колькасць забойстваў на 100 тыс. чалавек (у Беларусі — 6,8), узровень беспрацоўя (1%), экалагічную сітуацыю (74,7), няроўнасць у даходах (27,8%) і іншае.

Па ўзроўні аховы здароўя Беларусь заняла 66 месца. Спецыялісты вызначылі, што сярэдняя працягласць жыцця беларусаў складае 62 гады. Самая лепшая сістэма аховы здароўя і, адпаведна, самая высокая сярэдняя працягласць жыцця грамадзян (82 гады) у Японіі.

Традыцыйна нізкае, 91-е месца Беларусь заняла па паказчыках палітычнай абстаноўкі ў краіне. Спецыялісты канстатуюць, што ўзровень палітычнага ўдзелу грамадзян у Беларусі складае 3,3 (з 10), а ўзровень палітычнай стабільнасці — 64 (са 100). Найлепшымі па палітычнай абстаноўцы прызнаныя Швецыя, Нарвегія, Нідэрланды.

У той жа самы час аўтары рэйтынгу дапусцілі адну сур’ёзную памылку. Па іх сцвярджэнні, Беларусь знаходзіцца не ва Усходняй Еўропе, а ў Сярэдняй Азіі. Да гэтага рэгіёну традыцыйна адносяць Кыргызстан, Таджыкістан, Туркменістан, Узбекістан і Казахстан.

Как вам новость?
Головоломки