Беларусь стала дзявятай у медальным заліку ЧЕ-2010 па лёгкай атлетыцы

02.08.2010 08:51
Архив Редакция

Беларусь з чатырма ўзнагародамі заняла дзявятае месца ў медальным заліку чэмпіянату Еўропы па лёгкай атлетыцы, які прайшоў 27 ліпеня — 1 жніўня ў Барселоне. У актыве беларускіх спартоўцаў два залатыя, адзін срэбны і адзін бронзавы медалі.

Як інфармуе афіцыйны сайт Беларускай федэрацыі лёгкай атлетыкі, каманда выканала задачу-мінімум, якая заключалася ў заваяванні чатырох узнагародаў.

На першым месцы медальным заліку зборная Расіі — 24 ўзнагароды (10 залатых, 6 срэбных, 8 бронзавых), у дзясятку найлепшых увайшлі Францыя (8, 6, 4), Вялікабрытанія (6, 7, 6), Германія (4, 6, 6 ), Турцыя (3, 1, 0), Іспанія (2, 3, 3), Украіна (2, 3, 1), Польшча (2, 2, 5), Беларусь (2, 1, 1) і Харватыя (2 , 0, 0). Усяго медалі здолелі заваяваць атлеты 27 краін, перадае БелТА.

У асабістым заліку рэкардсменам па колькасці заваяваных медалёў стаў француз Крыстоф Лемэтр — тры золаты (у бегу на дыстанцыях 100 м, 200 м і эстафеце 4х100 м). Сярод жанчын больш за ўсё узнагародаў у расіянкі Таццяны Фіравой — два золаты (400 м, 4х400 м).

У беларускай камандзе золата на рахунку штурхальнікаў ядра Надзеі Астапчук і Андрэя Міхневіча, срэбра ў яшчэ адной штурхальніцы ядра Наталлі Міхневіч, бронза ў актыве дзесяціборца Андрэя Краўчанкі.

У заключны дзень чэмпіянату Еўропы, 1 жніўня, у фінале эстафетнага бегу 4х100 м беларускі квартэт (Юлія Несцярэнка, Кацярына Шумак, Алена Неўмяржыцкая і Юлія Балыкіна) фінішаваў пятым (43,18 сек.). Перамагла ж з найлепшым вынікам сезону ў свеце каманда Украіны (42,29 сек.), Другімі сталі францужанкі (42,45 сек.), Трэцімі — бягункі з Польшчы (42,68 сек.). Алімпійскія чэмпіёнкі расіянкі толькі на 4-й пазіцыі (42,91 сек.).

У бегу на 5000 м беларуска Вольга Краўцова не фінішавала. Перамагла ў гэтым відзе турчанка Алеміту Бекеле (14 хв. 52,20 сек.).

У фінале жаночай эстафеты 4х400 м беларуская каманда (Кацярына Мішына, Алена Кіевіч, Ганна Ташпулатава, Святлана Усовіч) фінішавала сёмай (3 хв. 28, 74 сек.). Перамагла зборная Расіі з найлепшым вынікам сезону ў свеце (3 хв. 21,26 сек).

Вяртаецца ў Мінск зборная Беларусі па лёгкай атлетыцы сёння ў 13:40 рэйсам з Франкфурту. Андрэй Міхневіч і яго асабісты трэнер Уладзімір Сіўцоў прылятаюць таксама сёння, але ў 22:35 рэйсам з Вены.

Как вам новость?
Головоломки