Беларусь стала марской дзяржавай

17.12.2010 10:10
Архив Редакция

У Беларусі стварылі першую марскую суднаходную кампанію ЗАТ "Белмарфлот". Пра гэта 16 снежня паведаміў старшыня назіральнага савета "Белмарфлота" Аляксандр Сіўцоў. Усе акцыі «Белмарфлота» належаць замежным інвестарам, з іх 70% — карпарацыі Zepter Group. "ЗАТ "Белмарфлот" зарэгістравана Мінскім гарвыканкамам 23 лістапада цяперашняга года", — сказаў Аляксандр Сіўцоў.

Па яго словах, галоўнай задачай суднаходнай кампаніі з’яўляецца эксплуатацыя марскіх суднаў, укамплектаваных пераважна беларускімі экіпажамі. Асновай флоту будуць марскія судны, набытыя «Белмарфлотам» ва ўласнасць на ўмовах фінансавага лізінгу, новыя ж судны плануецца будаваць на суднаверфах Кітая і Харватыі. Будаўніцтва судоў будзе фінансавацца за кошт уласных сродкаў акцыянераў, а таксама пасродкам прыцягнення сродкаў па адкрытай для Беларусі кітайскай крэдытнай лініі. Усяго Zepter Group мае намер інвеставаць у стварэнне беларускага марфлота 100 млн. даляраў, набыўшы за бліжэйшыя пяць гадоў сем марскіх суднаў, перадае БелТА.

На дадзены момант прадстаўнікі харвацкай суднавай кампаніі на ўмовах чартара далі Беларусі два цеплаходы: «Катарына» грузападымальнасцю 27 тыс. тон і «Караліна» грузападымальнасцю 35 тыс. тон. У 2011 годзе «Белмарфлот» разлічвае атрымаць ад сваіх харвацкіх калегаў яшчэ два марскія судны: «Дзіна» грузападымальнасцю 27 тыс. тон і «Ханы» грузападымальнасцю 40 тыс. тон. Акрамя таго, у Кітаі будуецца цеплаход грузападымальнасцю 57 тыс. тон. «Мы разлічваем на вялікую суднабудаўнічую праграму на сем-дзесяць гадоў», — сказаў кіраўнік назіральнага савета.

Судны «Белмарфлота» будуць перавозіць сыпкія грузы руду, метал, угнаенні, сою, цукар і іншыя. Так, на «Катарыну», якая знаходзіцца цяпер у Атлантыцы і павінна прыбыць у порт Клайпеды 19 снежня, плануецца загрузіць да Калядаў 26,5 тыс. тон калійных угнаенняў, і 28-30 снежня яна павінна адправіцца ў свой першы рэйс у Бразілію. Затым судна павінна ў канцы студзеня 2011 года вярнуцца з Бразіліі ў Клайпеду з адваротным грузам. «Цяпер мы вядзем перамовы з фірмамі, якія прадаюць у Еўропу харчовыя сыпкія грузы, у тым ліку соль і цукар», — паведаміў Аляксандр Сіўцоў.

У цэлым у 2011 годзе «Белмарфлот» плануе перавезці каля 1 млн. тон грузаў. «Урад надае гэтаму пытанню вельмі шмат увагі і ставіць задачу ў 2011 годзе перавезці не менш за 1 млн. тон грузаў. Мы рады, калі перавезены 500-700 тыс. тон, усё будзе залежаць ад некалькіх умоваў, у тым ліку надвор’я», — адзначыў Аляксандр Сіўцоў.

Как вам новость?
Головоломки