Беларусь стала найбуйнейшым экспарцёрам малочнай прадукцыі на сусветны рынак

30.04.2010 16:53
Архив Редакция

Міністр сельскай гаспадаркі і харчу Беларусі Сямён Шапіра 30 красавіка ў Вільнюсе паведаміў журналістам, што рэспубліка стала найбуйнейшым экспарцёрам малочнай прадукцыі на сусветны рынак. "У агульным аб'ёме сусветных паставак масла на долю Беларусі прыпадае 11%, сыра — 5,7%, пры тым, што вырабляецца ў краіне толькі 1% сусветнага выпуску малака", — сказаў кіраўнік мінсельгасхарча.

«Многія краіны выпускаюць малочную прадукцыю ў аб’ёме, які дазваляе ім забяспечваць свае запатрабаванні, — растлумачыў Сямён Шапіра. — Аўстралія, Новая Зеландыя. Бразілія, Аргентына і Беларусь з’яўляюцца буйнымі пастаўшчыкамі малочнай прадукцыі».

Адказваючы на пытанне пра перспектывы ўваходжання беларускай малочнай прадукцыі на рынак Еўрасаюза, Сямён Шапіра адзначыў, што «для гэтага трэба вырашыць комплекс пытанняў у ветэрынарнай і мытнай сферах», перадае БелТА.

«У перспектыве належыць збалансаваць адносіны па мытных пошлінах, адпрацаваць роўныя ўмовы доступу тавараў на нашыя рынкі», — сказаў Сямён Шапіра. Па словах міністра, у Беларусі па еўрапейскіх стандартах сертыфікавана толькі прадукцыя Верхнядзвінскага малочнага заводу. «Аднак гэта толькі першы этап, трэба яшчэ вырашыць комплекс пытанняў для пачатку паставак гэтай прадукцыі ў Еўропу», — дадаў кіраўнік мінсельгасхарча.

Мінсельгасхарч: Беларусь можа ў хуткім часе адмовіцца ад імпарту пшаніцы

Па словах намміністра сельскай гаспадаркі і харчу Беларусі Васіля Паўлоўскага Беларусь для прадпрыемстваў, якія выпускаюць хлебабулачныя вырабы, імпартуе пшаніцу «з высокай доляй клейкавіны». Па словах намесніка кіраўніка мінсельгасхарча, аб’ём такіх паставак складае штогод 60-80 тыс. тон.

«Разам з тым сумесна з навукоўцамі аграрнікі працуюць над селекцыяй айчынных гатункаў пшаніцы, якія маглі б замясціць імпарт, — распавёў Васіль Паўлоўскі. — Ужо атрыманы добрыя вынікі. У прыватнасці, асобныя высокакаштоўныя гатункі айчыннай пшаніцы маюць досыць высокі ўзровень клейкавіны. З такой пшаніцы атрымліваецца выдатны хлеб, у бліжэйшай будучыні Беларусь можа адмовіцца ад імпарту пшаніцы».

Намміністра таксама адзначыў, што сёння Беларусь мае магчымасць экспартаваць збожжа. «Да прыкладу з ураджаю мінулага года ў нас засталося каля аднаго мільёна тон збожжа, гаворка ідзе пра фуражнае збожжа», — растлумачыў Васіль Паўлоўскі.

Па словах намесніка кіраўніка мінсельгасхарча, нядаўна прадстаўнікі міністэрства правялі перамовы з венгерскімі гаспадаркамі, якія звярнуліся да беларускіх аграрнікаў з просьбай аб арганізацыі невялікіх паставак фуражнага збожжа з Беларусі ў Венгрыю. «Думаю, гэта цалкам магчыма, бо сёння мы можам экспартаваць збожжа», — падсумаваў намміністра.

Как вам новость?