Паводле даследавання міжнароднай кампаніі Evans, Беларусь заняла чацвертае месца ў рэйтынгу краінаў з самай недаступнай жылой нерухомасцю. Пры сярэднім гадавым даходзе сям'і ў 3,203 тыс. еўра сярэдні кошт кватэры ў Беларусі складае 90 тыс. еўра. Гэта значыць, сярэднестатыстычнаму беларусу для куплі жылля неабходна адкладаць грошы 28,1 года.
Сусветнымі лідарамі па недаступнасці жылля з’яўляецца Марока, жыхарам якога на жыллё трэба збіраць 67,5 гадоў. У сярэднім жылая нерухомасць у краіне каштуе 144.800 еўра пры сярэднім гадавым даходзе сям’і роўным 2,145 тыс. еўра. У Пакістане, які размясціўся на другім месцы, купіць кватэру можна за 40,6 гадоў пры сярэднім кошце жылля ў 74,953 тыс. еўра і сярэднім гадавым даходзе 1,846 тыс. еўра, перадае АФН.
Трэцяе месца заняла Чарнагорыя з сярэднім коштам жылля 151,155 тыс. еўра і прыбыткам сям’і 5038 еўра. Тут жыллё можна набыць за 30 гадоў. Пятае месца заняла Расія, у якой для куплі жылля трэба адкладаць 26,1 года. Паводле даследавання, сярэдні кошт кватэры ў Маскве складае 303,151 тыс. еўра (у рэгіёнах 64,102 тыс.) пры сярэднім гадавым сямейным даходзе сям’і 11,615 тыс. еўра (у рэгіёнах 3,08 тыс. еўра).
Самае даступнае жыллё знаходзіцца ў ЗША. У сярэднім яно каштуе 95,536 тыс. еўра пры сярэднім гадавым даходзе сям’і 35,384 тыс. еўра. Купіць жылую нерухомасць у ЗША можна за 2,7 гады працы. Далей размясцілася Дамініканская Рэспубліка з паказчыкам 3,5 гады (кошт жылля — 33,516 тыс. еўра, прыбытак — 9576 еўра), Чылі з паказчыкам 4,05 года (кошт — 45,794 тыс. еўра, прыбытак — 11,307 тыс. еўра), Швецыя з паказчыкам 4,2 года (кошт — 119,536 тыс. еўра, прыбытак — 28,461 тыс. еўра).
На пятым месцы знаходзіцца Бельгія, у якой пры сярэднім кошце жылля ў 121,723 тыс. еўра і сярэднім гадавым даходзе сям’і ў 28,307 тыс. еўра, кватэру можна купіць за 4,3 гады.