Беларусь узначаліла медальны залік Еўра-2010 па лёгкай атлетыцы

28.07.2010 10:31
Архив Редакция

Беларусь і Вялікабрытанія пасля першага дня спаборніцтваў узначальваюць медальны залік чэмпіянату Еўропы па лёгкай атлетыцы, які праходзіць у іспанскай Барселоне. На рахунку беларусаў і брытанцаў па адной залатой і срэбнай узнагародзе.

Следам размясціліся каманды Расіі (адно золата, адна бронза), Італіі (адно срэбра, адна бронза) і Партугаліі (адна бронза).

Узнагароды ў скарбонку Беларусі прынеслі штурхальніца ядра Надзея Астапчук і Наталля Міхневіч.

Лідар сусветнага сезону Надзея Астапчук у сваёй найлепшай спробе паказала вынік 20,48 м, Наталля Міхневіч — 19,53 м. Прычым абедзве самыя паспяховыя спробы былі заключнымі, шостымі. Да апошняй спробы замыкалі тройку прызёраў алімпійская чэмпіёнка-2000 беларуска Яніна Правалінская-Карольчык (19,29 м), але ў заключным падыходзе яе на 10 см абышла расіянка Ганна Аўдзеева (19,39 м).

У вячэрняй праграме 27 ліпеня таксама прайшлі фінальныя спаборніцтвы ў бегу на 10 000 м. Беларус Сцяпан Рагаўцоў фінішаваў 16-м (29 хв. 40,19 сек.). Чэмпіёнам Еўропы ў гэтым відзе стаў вялікабрытанец Мо Фарах — 28 хв. 24,99 сек.

Беларуска Святлана Усовіч стартавала ў паўфінале на 800 м, дзе заняла толькі 22-е месца (2 хв. 2,74 сек.).

Не змаглі беларусы прайсці кваліфікацыйны адбор і ў трайным скачку. Сяргей Іваноў заняў 16-е месца (16,56 м), Дзмітры Платніцкі — 25-я (15,95 м).

Сёння, 28 ліпеня, на чэмпіянаце Еўропы будзе разыграна шэсць камплектаў узнагарод. Напярэдадні беларуска Анастасія Мірончык прабілася ў фінал спаборніцтваў па скачках у даўжыню, Валеры Святоха пазмагаецца за медалі ў кіданні молата. Аліна Мацвяюк і Настасся Яцэвіч выйдуць на старт у спартыўнай хадзьбе на 20 км, а Святлана Кудзеліч рыхтуецца да спаборніцтва ў бегу на 10 000 м.

Акрамя таго, пачнуцца спаборніцтвы ў дзесяціборцаў, дзе Беларусь прадстаўляюць віцэ-чэмпіён Алімпіяды-2008 Андрэй Краўчанка і Эдуард Міхан, пройдзе кваліфікацыя ў жанчын у кіданні молата (Дар’я Пчэльнік, Вольга Цандар) і ў скачках з шастом (Настасся Шведава). Беларускі Юлія Балыкіна, Алена Неўмяржыцкая і Юлія Несцярэнка выступяць у папярэднім забегу на 100 м, Аніс Ананенка стартуе ў папярэднім забегу на 800 м.

Как вам новость?
Головоломки