Беларусь выдаткуе на будаўніцтва жылля пяць мільярдаў даляраў

09.02.2011 10:37
Архив Редакция

У 2011 годзе на будаўніцтва і рэканструкцыю жылля беларускія ўлады маюць намер накіраваць каля 15,1 трлн. рублёў (прыкладна пяць мільярдаў даляраў). Адпаведнае рашэнне замацавана 31 студзеня 2011 года сумеснай пастановай Савета міністраў і Нацыянальнага банка Беларусі. За год у эксплуатацыю плануецца ўвесці 7,5 млн. квадратных метраў агульнай жылплошчы. 

Згодна з пастановай, на будаўніцтва і рэканструкцыю жылля са сродкаў кансалідаванага бюджэту без уліку затрат на інфраструктуру плануецца вылучыць 952,9 млрд. рублёў. Крэдытных рэсурсаў банкаў плануецца прыцягнуць у аб’ёме 8,7 трлн. рублёў, з якіх больш як 8,2 трлн. рублёў складуць ільготныя крэдыты (у тым ліку больш як 6,9 трлн. рублёў прадаставіць ААТ «ААБ Беларусбанк», 1,3 трлн. рублёў — ААТ «Белаграпрамбанк»). Акрамя таго, плануецца прыцягнуць сродкі насельніцтва (каля 5,1 трлн. рублёў) і сродкі арганізацый (371,1 млрд. рублёў), у тым ліку пазыкі і замежныя крыніцы.

Крэдыты на будаўніцтва, рэканструкцыю і набыццё жылля, што выдзяляюцца грамадзянам на ўмовах банкаў, складуць 450 млрд. рублёў. Так, ААТ «ААБ Беларусбанк» плануе прадаставіць 251 млрд. рублёў, ААТ «Белаграпрамбанк» — 25 млрд. рублёў, ААТ «БПС-Банк» — 60 млрд. рублёў, «Пріорбанк» ААТ — 12 млрд. рублёў, ААТ «Белінвестбанк» — 15 млрд. рублёў, ААТ «Парытэтбанк» — 5 млрд. рублёў, ААТ «Белгазпрамбанк» — 80 млрд. рублёў, ААТ «Белзнешэканомбанк» — 2 млрд. рублёў, перадае АФН.

Згодна з планам уладаў у 2011 годзе ў Берасцейскай вобласці плануецца пабудаваць больш за 1,2 млн. квадратных метраў жылля, у Віцебскай — 830 тыс. квадратных метраў, у Гомельскай — каля 1,1 млн. квадратных метраў, у Гарадзенскай — 950 тыс. квадратных метраў, у Магілёўскай — 850 тыс. квадратных метраў. У Мінскай вобласці ў гэтым годзе будзе ўведзена ў эксплуатацыю 1,3 млн. квадратных метраў жылля, а ў сталіцы — 1,2 млн. квадратных метраў.

Для грамадзян, якія маюць патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў, у шматкватэрных жылых дамах у гарадах будзе ўведзена ў эксплуатацыю амаль 3,1 млн. квадратных метраў жылля. Гэта складае 80% ад агульнага аб’ёму такіх дамоў у гарадах. У сельскай мясцовасці і ў малых гарадскіх паселішчах плануюць пабудаваць 2,1 млн. квадратных метраў жылля.

У 2011 годзе сацыяльнае жыллё атрымае 2,7 тыс. сем’яў

Агульная плошча жылых памяшканняў сацыяльнага карыстання ў 2011 складзе 160 тыс. квадратных метраў. Гэтая плошча разлічана на 2,7 тыс. сем’яў. На будаўніцтва дадзенага тыпу жылля накіруюць 309,3 млрд. рублёў, у тым ліку 137 млрд. рублёў — з рэспубліканскага бюджэту, 172,3 млрд. рублёў — з мясцовых бюджэтаў.

Для 3,9 тыс. шматдзетных сем’яў у 2011 годзе беларускія ўлады маюць намер увесці ў эксплуатацыю 328 тыс. квадратных метраў жылля. З кансалідаванага бюджэту на гэтыя мэты накіруюць больш за 1,1 трлн. рублёў, а таксама 976,2 млрд. рублёў за кошт ільготных крэдытаў.

Для забеспячэння жыллём спецыялістаў і работнікаў сельскагаспадарчых арганізацый і работнікаў арганізацый сацыяльна-культурнай сферы ў сельскай мясцовасці, якія маюць патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў, у 2011 годзе плануецца ўвесці ў эксплуатацыю 352,4 тыс. квадратных метраў жылля. Пры гэтым колькасць жылых дамоў і кватэр складзе 4,4 тыс. З іх больш за 840 пабудуюць у Берасцейскай вобласці, 582 — у Віцебскай, 850 — у Гомельскай, 616 — у Гарадзенскай, 977 — у Мінскай, 608 — у Магілёўскай. На фінансаванне іх будаўніцтва будзе накіравана 1,1 трлн. рублёў.

Акрамя таго, згодна з пастановай, больш за 45 тыс. квадратных метраў жылля плануецца пабудаваць для адсялення грамадзян, якія пражываюць у старых і аварыйных жылых дамах, прызнаных ва ўстаноўленым парадку непрыдатнымі для пражывання. У 2011 годзе ўлады плануюць такім чынам даць новае жыллё 758 сем’ям.

Как вам новость?
Головоломки