Беларусь выдаткуе на зніжэнне энергаёмістасці ВУП 8,6 млрд. даляраў

29.12.2010 16:02
Архив Редакция

Савет Міністраў Беларусі сваёй пастановай № 1882 зацвердзіў Рэспубліканскую праграму энергазберажэння на 2011-2015 гады. Згодна з ёй, плануецца знізіць энергаёмістасць валавага ўнутранага прадукту да 2015 года на 29-32%, для чаго трэба будзе патраціць больш за 8,6 млрд. даляраў уласных сродкаў, крэдытных рэсурсаў, сродкаў рэспубліканскага і мясцовых бюджэтаў, прамых інвестыцый.

Як чакаецца, эканомія паліўна-энергетычных рэсурсаў за кошт выкарыстання сучасных тэхналогій, абсталявання і ўкаранення іншых энергазберагальных мерапрыемстваў складзе 7,1 млн. тут на працягу 2011-2015 гадоў. Акрамя таго, у 2015 годзе доля мясцовых паліўна-энергетычных рэсурсаў (МВП) у балансе кацельна-пячнога паліва (КПП) Беларусі павінна скласці не менш як 28%. Рэалізацыя праграмы дасць магчымасць таксама выканаць патрабаванні па ўзроўню выкідаў парніковых газаў у атмасферу (у эквіваленце СО2), перадае БелТА.

Як адзначылі ў Дэпартаменце па энергаэфектыўнасці Дзяржстандарту, стратэгічнай мэтай дзейнасці ў гэтай галіне з’яўляецца зніжэнне да 2015 года энергаёмістасці ВУП Беларусі на 50% да ўзроўню 2005 года.

Асноўнымі напрамкамі развіцця сферы энергазберажэння ў 2011-2015 гадах павінны быць павышэнне эфектыўнасці працы генеруючых крыніц на традыцыйных відах паліва; развіццё нетрадыцыйных і аднаўляльных крыніц энергіі; зніжэнне стратаў пры транспартоўцы энергіі; утылізацыя цеплавых другасных энергарэсурсаў; павышэнне энергаэфектыўнасці ў прамысловасці, будаўніцтве, сельскай гаспадарцы і бюджэтнай сферы; зніжэнне энергазатрат у ЖКГ.

Акрамя таго, плануецца надаць значную ўвагу развіццю эканамічнай зацікаўленасці вытворцаў і спажыўцоў энергарэсурсаў у павышэнні эфектыўнасці іх выкарыстання; актывізацыі працы па стварэнні новых энергаэфектыўных і імпартазамяшчальных тэхналогій, абсталявання і матэрыялаў; працы па папулярызацыі энергазберажэння і рацыянальнага выкарыстання энергарэсурсаў; рэалізацыі праектаў міжнароднай тэхнічнай дапамогі ў сферы энергазберажэння.

Адказнасць за выкананне асноўных заданняў праграмы ўскладзена на рэспубліканскія органы дзяржкіравання і іншыя арганізацыі, падпарадкаваныя ўраду, абласныя і Мінскі гарадскі выканкамы.

Как вам новость?
Головоломки