Беларусь выпусціла еўрабонды на 600 млн. даляраў пад 9% гадавых

27.07.2010 10:36
Архив Редакция

Беларусь выпусціла еўрааблігацыі коштам 600 млн. даляраў пад 9% тэрмінам на пяць гадоў. У якасці сумесных арганізатараў па размяшчэнні еўрабондаў выступілі чатыры замежныя банкі: BNP Paribas, Deutsche Bank AG, The Royal Bank of Scotland plc і ААТ "Сбербанк России".

Акрамя таго, міжнароднае рэйтынгавае агенцтва Standard & Poor’s (S&P) у папярэднім доўгатэрміновым рэйтынгу прысвоіла выпуску беларускіх еўрааблігацыяў рэйтынг прыярытэтнага незабеспячанага доўгу «В+», паведамляе БелаПАН.

У дадзеным рэйтынгу «B» азначае «больш высокую ўразлівасць пры наяўнасці неспрыяльных камерцыйных, фінансавых і эканамічных умоваў, аднак у цяперашні час маецца магчымасць выканання даўгавых абавязацельстваў у тэрмін і ў поўным аб’ёме». Знак «плюс» ці «мінус» абазначаюць прамежкавыя рэйтынгавыя катэгорыі адносна асноўных катэгорыяў.

Таксама агенцтва S&P ацаніла планаваны выпуск у рэйтынгу аднаўлення ў чатыры балы. Гэта азначае, што агенцтва лічыць, што верагоднасць аднаўлення эмітэнта аблігацыяў у выпадку дэфолту роўная 30-50%.

Гэтыя значэнні рэйтынгаў агенцтва прысвоіла зыходзячы з ацэнкі слабых паказчыкаў ліквіднасці, якія пагаршаюцца, высокіх значэнняў дэфіцыту бягучага балансу і пастаянных праблемаў ва ўзгадненні коштаў імпартаваных з Расіі энерганосьбітаў, гаворыцца ў паведамленні S&P.

Як раней паведамляў Тэлеграф, ураду Беларусі дазволілі ў 2010-2011 гадах выпусціць еўрааблігацыі на суму да двух мільярдаў даляраў з тэрмінам звароту не менш за пяць гадоў і размяшчэннем іх за межамі тэрыторыі краіны. Такое рашэнне прынята ўказам Аляксандра Лукашэнкі «Аб выпуску дзяржаўных аблігацыяў Рэспублікі Беларусь» ад 13 траўня № 245.

Па матэрыялах The Wall Street Journal

Как вам новость?