Беларусь вырашыла павялічыць вытворчасць свініны ў 1,5 разы

14.05.2011 14:27
Архив Редакция

Урад Беларусі зацвердзіў рэспубліканскую праграму рэканструкцыі, тэхнічнага пераабсталявання і будаўніцтва комплексаў па вырошчванні свінняў у 2011-2015 гадах. У адпаведнасці з дакументам мяркуецца, што вытворчасць свініны ў Беларусі за 2011-2015 гады ў жывой вазе ўзрасце больш чым у 1,5 разы да 630 тыс. тон на год.

«Мэтай праграмы з’яўляецца павелічэнне аб’ёмаў вытворчасці і павышэнне эфектыўнасці працы галіны свінагадоўлі, а таксама забеспячэнне насельніцтва і перапрацоўчай прамысловасці высакаякаснай свінінай пры ўстойлівым развіцці рынку», — распавялі ў Савеце міністраў.

У ходзе рэалізацыі праграмы плануецца пабудаваць 72 комплексы па вырошчванні свінняў са скончаным цыклам вытворчасці, а таксама 38 рэпрадуктарных цэхаў на дзейных комплексах. Будуць таксама збудаваны пяць племянных заводаў па гадоўлі свіней мясных парод сусветнай селекцыі і шэсць племянных рэпрадуктараў першага парадку.

«Пры поўным асваенні магутнасцяў новых комплексаў да 2018 года вытворчасць свінняў у жывой вазе павінна дасягнуць 650 тыс. тон на год. Рэканструкцыя і тэхпераўзбраенне запланавана таксама на ўсіх 107 дзейных свінакомплексах», — адзначылі ва ўрадзе Беларусі.

Усяго ў рэканструкцыю, тэхпераабсталяванне і будаўніцтва комплексаў па вырошчванні свіней за пяцігодку будзе ўкладзена больш за 10 трлн. рублёў. З гэтай сумы амаль 9,9 трлн. рублёў павінны скласці сродкі банкаў прыватнай формы ўласнасці, інвестараў і замежныя крэдытныя лініі, 103,3 млрд. рублёў — уласныя сродкі дзяржавы.

Как вам новость?