Беларусь вырашыла прадаць акцыі "Беларуськалія" і БелАЗа

30.06.2011 15:13
Архив Редакция

Першы намеснік прэм'ер-міністра Беларусі Уладзімір Сямашка заявіў у Палаце прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу 30 чэрвеня, што ўлады краіны прынялі рашэнне аб продажы акцый "Беларуськалія" і БелАЗа. Паводле яго слоў, ужо ў канцы ліпеня Беларусь разлічвае прыцягнуць крэдыт у 1 млрд даляраў пад заклад выручкі ад продажу калійных угнаенняў або актываў "Беларуськалія".

Што тычыцца заводу БелАЗ, Уладзімір Сямашка распавёў, што яго акцыі будуць прадавацца з дапамогай публічнага размяшчэння на замежных фондавых рынках, перадае БелТА.

У прыватнасці, з Deutsche Bank разглядаецца магчымасць размяшчэння IPO БелАЗа на знешніх фондавых рынках, хутчэй за ўсё, на Франкфурцкай фондавай біржы, удакладніў першы віцэ-прэм’ер. Пры гэтым гаворка ідзе пра мінарытарны пакет акцый у 10-15%.

Намеснік прэм’ер-міністра Беларусі адзначыў, што падрыхтоўка да размяшчэння IPO займае досыць працяглы час і можа скласці 1,5-2 гады.

Даведка:

IPO — першапачатковая публічная прапанова акцый кампаніі на продаж шырокаму колу асоб. Пры гэтым маецца на ўвазе, што кампанія ўпершыню выводзіць свае акцыі на біржу, прапаноўваючы іх неабмежаванаму колу асоб.

У 2006 годзе ва ўсім свеце было праведзена 1729 IPO на суму 247 млрд даляраў. У 2007 годзе чакалася істотнае перавышэнне гэтага паказчыка. Лідарамі па суме ўгодаў з’яўляюцца ЗША і Кітай. Найбуйнейшае IPO у 2010 годзе правёў кітайскі банк Agricultural Bank of China, які прыцягнуў 22,1 млрд даляраў.

Сапраўдны бум IPO звязаны з выхадам на рынак «даткомаў» у канцы 1990-х гадоў — у рэкордным 1999-м на рынак ўпершыню выйшлі звыш 200 кампаній, якія прыцягнулі каля 200 млрд даляраў.

Как вам новость?
Головоломки