Беларусь вырашыла здабываць нафту ў Гамбіі

26.08.2010 16:38
Архив Редакция

Беларусь зацікаўленая ў магчымым удзеле ў здабычы нафты на тэрыторыі Гамбіі. Пра гэта заявіў 26 жніўня кіраўнік міністэрства замежных спраў Беларусі Сяргей Мартынаў пасля падпісання мемарандуму аб узаемаразуменні з міністрам замежных спраў Гамбіі Мамаду Тангарам.

У сілу таго, што ў Беларусі уласных базаў карысных выкапняў няшмат, краіна зацікаўленая ва ўсім, што неабходна для прамысловасці, заявіў Сяргей Мартынаў. «Асаблівую цікавасць уяўляюць у Гамбіі апошнія пошукі ў галіне здабычы нафты», — дадаў кіраўнік МЗС Беларусі. Акрамя таго Беларусь прапанавала Гамбіі стварэнне зборачных вытворчасцяў беларускай тэхнікі.

У сваю чаргу, гамбійскі міністр заявіў аб тым, што Гамбія ў роўнай з Беларуссю ступені зацікаўленая ў двухбаковым супрацоўніцтве. Па словах Мамаду Тангара, Гамбія, як і Беларусь, імкнецца развівацца ўласнымі сіламі, бо «абапіраючыся на замежных экспертаў немагчыма дасягнуць стабільнага росту».

Акрамя таго, Мамаду Тангар адзначыў, што Гамбія хоча развіваць адносіны з Беларуссю на ўзаемавыгадных умовах, а не збіраецца «проста ісці і прасіць крэдыт», перадае АФН.

Апроч усяго іншага, гамбійскі міністр парэкамендаваў Сяргею Мартынаву паменш чытаць тое, што піша пра Гамбію замежная прэса. «Вельмі часта тое, што пішуць у газетах і тое, што ёсць у рэальнасці, не адпавядае адно аднаму. Наш прэзідэнт лічыць, што калі насельніцтва шчаслівае — гэта добра, калі не — то трэба рабіць крокі для далейшага развіцця», — растлумачыў міністр Гамбіі.

Как вам новость?
Головоломки