Беларусь хоча купіць банк у Латвіі

20.09.2010 13:16
Архив Редакция

Беларусь плануе адкрыць у Латвіі банк або філіял для абслугоўвання таваразвароту дзвюх краін, які складае амаль два мільярды даляраў. «Эканамічная логіка падказвае неабходнасць стварэння ў Латвіі беларускага банка, які ўзяў бы на сябе абслугоўванне экспартна-імпартных гандлёвых аперацый», — заявіў дарадца амбасады Беларусі ў Латвіі Ігар Назарук.

Па словах Ігара Назарука, беларускі бок пакуль не вызначыўся, ці будзе ён купляць існы латвійскі банк ці ствараць новы. «Пакуль прапрацоўваюцца ўсе варыянты, прадугледжаныя латвійскім заканадаўствам. У тым ліку магчымая купля ўжо наяўнага банка або яго долі, а таксама адкрыццё новага банка, самастойнага філіялу ці нават сеткі філіялаў у гарадах, дзе беларускія прадпрымальнікі найбольш актыўныя», — сказаў дарадца, перадае Телеграф.lv.

Ігар Назарук пакуль не змог адказаць, колькі часу спатрэбіцца на адкрыццё банка. «Пытанне тэрмінаў — прэрагатыва бізнэсу. У гэтым напрамку ідзе праца: калі ўсе інтарэсы будуць улічаныя і ўзгодненыя, тады і стануць зразумелыя тэрміны пачатку паўнавартаснай дзейнасці банка», — адзначыў Ігар Назарук.

Дарадца беларускага пасольства таксама дадаў, што перамовы камерцыйных банкаў палегчаныя цесным супрацоўніцтвам фінансавых уладаў дзвюх краін на самым высокім узроўні. «У прыватнасці можна згадаць кантакты кіраўнікоў нацыянальных банкаў дзвюх краін — Пятра Пракаповіча і Ілмара Рымшэвіча. Гэта з’яўляецца своеасаблівай базай для ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва прыватных структураў», — падкрэсліў Ігар Назарук.

Как вам новость?
Головоломки