Беларусь хоча купіць нафтаправод "Полацк — Вентспілс"

08.02.2011 16:57
Архив Редакция

Беларускія ўлады хочуць набыць трубаправод "Полацк — Вентспілс", але яго ўладальнікі не згодныя яго прадаваць, заявіў амбасадар Беларусі ў Латвіі Аляксандр Герасіменка. Беларусь збіраецца транспартаваць нафту з Венесуэлы праз Латвію. "Мы гатовыя прапампаваць 5-7 млн. тон на год. Ад кожнай тоны нафты краіна атрымае прыкладна 10 даляраў", — удакладніў дыпламат. 

Аднак, паводле яго слоў, Беларусь і Латвія не могуць прыйсці да згоды па гэтым пытанні. «Мы ўжо дамовіліся з Эстоніяй, а вось з Латвіяй ніяк не можам дамовіцца. Мы б хацелі мець свой кірунак — сваю трубу і свой тэрмінал», — цытуе Аляксандра Герасіменкі ІА «REGNUM-Беларусь».

Паводле яго слоў, беларускія ўлады маюць намер купіць трубаправод «Полацк — Вентспілс» на выгадных для Латвіі ўмовах. «Мы гатовыя і купіць яго, і гатовыя задзейнічаць на ўзаемавыгадных умовах — так, каб нафта пампавалася праз гэтую трубу. Нам рашэння такога не далі, з акцыянерамі мы не можам дамовіцца. Напэўна, тут ёсць вялікая палітыка», — мяркуе пасол. Аднак, колькі каштуе трубаправод, дыпламат канкрэтна сказаць не змог, паведаміўшы толькі, што за пяць гадоў, якія ён працуе ў Рызе, называліся сумы ад 200 млн. да 1 млрд. даляраў.

Як раней перадаваў Тэлеграф, латвійска-расійская кампанія «LatRosTrans» 16 лістапада паведаміла аб намеры пачаць выцясненне тэхналагічнай нафты з нафтаправода Полацк-Вентспілс. Па наяўнай у канцэрна «Белнафтахім» інфармацыі, 25 лістапада 2010 ТАА «LatRosTrans» пачало зліў нафты. Беларускі бок лічыць, што выцясненне нафты з нафтаправода і запаўненні яго сумессю газаў прывядзе да таго, што ўчастак нафтаправода Полацк — Вентспілс будзе немагчыма выкарыстаць для прапампоўкі нафты.

Канцэрн «Белнафтахім» накіраваў у суд заяву. На думку беларускага боку, дзеянні латвійска-расійскай кампаніі не стасуюцца з дзяржаўнай палітыкай Латвіі і праводзяцца без уліку яе нацыянальных інтарэсаў, што наносіць шкоду эканамічнаму партнёрству Беларусі і Латвіі. Пасля іскавай заявы беларускага боку Даўгаўпілскі суд прыняў рашэнне накласці арышт на тэхналагічную нафту да вынясення рашэння аб правах уласнасці на нафту.

Праз абвастрэнне сітуацыі 1 снежня МЗС Беларусі накіраваў афіцыйную ноту Латвіі, у якой выказваў занепакоенасць дзеяннямі АТ «LatRosTrans».

Как вам новость?