Беларусь хоча паставіць у Расію і Украіну лізінгавай тэхнікі на 100 млн. даляраў

19.07.2010 17:17
Архив Редакция

Беларусь плануе пашыраць пастаўкі тэхнікі ва Украіну і Расію па лізінгавых схемах. Кантракты на суму 100 млн. даляраў ужо знаходзяцца ў распрацоўцы, заявіў старшыня Беларускага саюза лізінгідаўцаў Аляксандр Цыбулька.

Аб’ём продажаў аўтатранспартнай тэхнікі па лізінгавых схемах ў Расію і Украіну ў 2010 годзе ўжо склаў дзесяць мільёнаў даляраў. У адну толькі Украіну за апошнія два месяцы адгрузілі прадукцыі на 6,7 млн. даляраў, распавёў Аляксандр Цыбулька.

Восенню 2009 года Аляксандр Лукашэнка падпісаў указ № 465, паводле якога ў Беларусі ўпершыню на тэрыторыі СНД распрацоўваўся механізм міжнароднага лізінгу. Адсутнасць канкурэнцыі з боку іншых аператараў СНД дазваляе Беларусі паступова пашыраць свой рынак збыту, паведамляюць «Беларускія навіны».

З Расіяй беларускія лізінгавыя аператары пакуль не стварылі дакладнага і бесперабойнага механізму працы. Як расказаў Аляксандр Цыбулька, падчас першых паставак паўсталі некаторыя праблемы па афармленні ўвозу транспарту.

Мытныя службы Беларусі і Расіі правялі сумеснае паседжанне, дзе абмеркавалі гэтыя пытанні. Расійскія ведамствы атрымалі даручэнні вывучыць сітуацыю па наяўнасці бар’ераў і прыняць меры па змяненні сітуацыі. «Акрамя таго, пашырыць гэты бізнэс і пачаць пастаўкі ў Расію больш хуткімі тэмпамі, думаю, дапаможа падпісанне дакументаў па Мытным саюзе», — адзначыў старшыня БСЛ.

У цяперашні час выключнае права ажыццяўляць экспартныя лізінгавыя ўгоды для беларускіх аператараў з’яўляецца добрай магчымасцю палепшыць сітуацыю на рынку ў цэлым. Праз фінансавы крызіс у 2009 годзе рынак скараціўся ў адносінах да 2008 года на 34%.

Цыбулька: лізінгавы партфель вырасце на 15-20%

На думку Аляксандра Цыбулькі, канкурэнтная перавага, якой сёння валодае Беларусь, можа спрыяльна адбіцца на аб’ёме лізінгавага партфеля (сума абавязацельстваў кліента перад лізінгавай кампаніяй). Па разліках старшыні БСЛ сёлета партфель вырасце на 15-20%.

Таксама старшыня Беларускага саюза лізінгадаўцаў разлічвае ў гэтым годзе на аднаўленне лізінгу транспартных сродкаў, які займае 25% рынку. Пакуль гэты сегмент бізнэсу не аднавіўся пасля крызісу і працягвае падаць. Аднак, паколькі рэнтабельнасць міжнародных перавозак паступова расце, гэта павінна прывесці да росту попыту на новы рухомы састаў. А паколькі ў транспартныя кампаніі новы транспарт у асноўным паступае па лізінгавых схемах, чакаецца рост угодаў у гэтай сферы.

Тым не менш, па прагнозах экспертаў, каля 30% беларускіх лізінгавых кампаній не перажывуць крызісу. Прычым у асноўнай групе рызыкі аператары, якія працавалі ў сегменце аўтатранспарту. «Многія прыватныя кампаніі ўжо заявілі пра сыход з рынку. Ім не хапіла рэсурсаў для забеспячэння станоўчай дынамікі па заключаных дамовах», — распавёў Аляксандр Цыбулька.

Яшчэ адным спрыяльным фактарам для лізінгавых кампаніяў з’яўляецца падзенне ставак на паслугі. Гэты працэс назіраецца ў многіх краінах. «Спадзяюся, што з часам мы прыйдзем да цывілізаваных памераў ставак для кліентаў, якія ўсталяваны на развітых рынках Еўропы. Да гэтага трэба імкнуцца», — адзначыў Аляксандр Цыбулька.