Беларусь хоча прыцягнуць у сельскія сядзібы турыстаў з Ізраіля

25.08.2010 14:00
Архив Редакция

Беларускі бок зацікаўлены ў прыцягненні ў сельскія сядзібы турыстаў з Ізраіля. У гэтых мэтах у Беларусь арганізуецца прэс-тур для групы ізраільскіх журналістаў, што пішуць пра турызм. Пра гэта карэспандэнту Тэлеграф паведаміла старшыня праўлення беларускага грамадскага аб'яднання "Адпачынак на вёсцы" Валерыя Кліцунова.

У канцы жніўня дзевяць прадстаўнікоў найбуйнейшых інфармацыйных агенцтваў і выданняў Ізраіля ўпершыню наведаюць Беларусь, расказала арганізатарка прэс-туру.

«Ізраіль для нас — гэта не чужая краіна. Каля 30 тыс. беларусаў пастаянна там пражываюць. У многіх габрэйскія карані. Акрамя таго, хутка паміж нашымі дзяржавамі будзе адменены візавы рэжым. Таму лепш цяпер пачынаць паказваць Беларусь замежным гасцям», — лічыць Валерыя Кліцунова.

Валерыя Кліцунова адзначае, што замовіць у ізраільскай прэсе публікацыю аб магчымасцях экатурызму ў Беларусі, даволі дорага. «Ні адзін тураператар не будзе гэтага рабіць. Акрамя таго, трэба ведаць, як і што пісаць пра краіну, — тлумачыць старшыня БГА «Адпачынак на вёсцы». — Таму мы вырашылі запрасіць сюды журналістаў найбуйнейшых выданняў Ерусаліму».

Правядзенне прэс-туру ініцыявалі Мінспорту Беларусі, БГА «Адпачынак на вёсцы» і падтрымалі Амбасада Ізраіля ў Беларусі і Пасольства Беларусі ў Ізраілі. Партнёрамі першага прэс-туру ізраільскіх журналістаў у Беларусі з’яўляюцца ізраільская авіякампанія «Sun D’or International Airlines» (Сандор) і турысцка-інфармацыйны цэнтр у Мінску, Мінскі, Гарадзенскі і Берасцейскі аблвыканкамы, аграсядзібы «Палескія традыцыі», «Верас», «Над Нёманам», «Ганка».

Тыднёвая праграма туру прадугледжвае ўдзел ізраільскіх журналістаў у міжнародным кулінарным фестывалі «Мотальскія прысмакі», наведванне нацыянальных паркаў і заказнікаў Беларусі, азнаямленне з беларускай культурна-гістарычнай спадчынай. Журналісты тасама наведаюць месцы, звязаныя з габрэйскай гісторыяй, і правядуць некалькі дзён у сельскіх сядзібах.

«Мы ўпэўненыя, што дадзеная ініцыятыва станоўча адаб’ецца на дынаміцы турыстычнага патоку з Ізраіля ў Беларусь, будзе спрыяць фармаванню прывабнага іміджу нашай краіны і ўмацуе двухбаковае супрацоўніцтва», — заявіла арганізатарка Валерыя Кліцунова.

Как вам новость?