Беларусь хоча заахвоціць японцаў да будаўніцтва АЭС

11.11.2010 15:38
Архив Редакция

Беларусь разглядае магчымасць прыцягнення японскіх кампаній да рэалізацыі праектаў у энергетычнай сферы, у тым ліку і да будаўніцтва першай беларускай атамнай электрастанцыі. Аб гэтым 11 лістапада заявіў прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з прадстаўнікамі адной з найбуйнейшых кампаній Японіі Mitsubishi Heavy Industries.

«У найбліжэйшы час мы плануем выдаткаваць вялізныя сродкі, каб забяспечыць энергетычную бяспеку, і, ведаючы вашыя магчымасці, а ў вас яны велізарныя па ўсіх напрамках, мы хацелі б, каб Японія ўзяла ўдзел у рэалізацыі гэтых праектаў», — заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Паводле слоў беларускага лідэра, для Беларусі асаблівую актуальнасць маюць пытанні нарошчвання энергетычнага патэнцыялу краіны. «Менавіта энергетычная бяспека самым непасрэдным чынам уплывае на дынаміку нашага сацыяльна-эканамічнага развіцця і абарону суверэнітэту дзяржавы», — цытуе Аляксандра Лукашэнку БелТА.

Прэзідэнт Беларусі адзначыў, што краіна мае нездавальняючую структуру паліўна-энергетычнага балансу, паколькі доля прыроднага газу пры выпрацоўцы электраэнергіі складае 95%. «Калісьці гэта было станоўчым фактарам. Але цяпер адбываецца такое падняцце цэнаў, што з эканамічнага, палітычнага пунктаў гледжання залежнасць ад адной крыніцы ўяўляе пэўную пагрозу», — падкрэсліў беларускі лідар.

Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, пасля ўважлівага вывучэння сусветнага вопыту і ўліку значнасці розных крыніц энергіі ў агульным балансе, Беларусь прыйшла да высновы, што самым аптымальным варыянтам вырашэння праблемы будзе будаўніцтва сваёй атамнай электрастанцыі. Акрамя таго, прэзідэнт паведаміў, што ў найбліжэйшы час у краіне плануецца пабудаваць электрычныя і гідрастанцыі, палівам для якіх будуць вугаль, торф, дровы і іншыя альтэрнатыўныя крыніцы паліва.

Лукашэнка: для японскіх кампаній створаць усе ўмовы

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што Mitsubishi Heavy Industries з’яўляецца сапраўднай «гіганцкай імперыяй», і той факт, што кампанія практычна не прысутнічае на беларускім рынку, з’яўляецца вялікім недаглядам. «Мы гатовыя папоўніць гэты недахоп, стварыць усе ўмовы, калі вы вырашыце прыйсці да нас у Беларусь», — заявіў прэзідэнт Беларусі.

Акрамя таго Аляксандр Лукашэнка выказаў упэўненасць у тым, што Беларусі будзе карысны досвед Японіі па ліквідацыі наступстваў радыяцыйнага апраменьвання і пераадоленні псіхалагічных комплексаў у свядомасці людзей.

Mitsubishi Heavy Industries працуе ў сферы энергетыкі, транспарту і лагістыкі, сацыяльных аб’ектаў і абароны навакольнага асяроддзя. Ядзерна-энергетычнае падраздзяленне кампаніі з’яўляецца вядучым распрацоўшчыкам і вытворцам абсталявання для АЭС у Японіі, уключаючы праектаванне, будаўніцтва, інжынерынг і тэхнічнае абслугоўванне АЭС і прадпрыемстваў ядзернага паліўнага цыклу. Кампанія пабудавала і ўвяла ў эксплуатацыю 23 энергаблокі ў Японіі, і два — за мяжой.

Как вам новость?
Головоломки