Беларусь займае 36-е месца ў Еўропе па расходах на харчаванне

27.06.2011 10:36
Архив

Сярод краін Еўропы Беларусь займае 36-е месца з 38-і ў рэйтынгу па расходах на прадукты харчавання. Паводле статыстыкі, доля выдаткаў на прадукты харчавання ў структуры спажывецкіх выдаткаў беларусаў складае 39,2%. Больш за беларусаў на ежу выдаткоўваюць толькі жыхары Малдовы (40,8%) і Украіны (50%).

Даследаванне структуры спажывецкіх расходаў на аснове афіцыйных статыстычных дадзеных за 2009 — 2010 гады правялі эксперты Цэнтра эканамічнага аналізу «РИА-Аналитика» РИА «Новости».

Па словах экспертаў, у краінах з высокім узроўнем жыцця насельніцтва доля выдаткаў на прадукты харчавання дастаткова нізкая. Паводле даследавання, менш за ўсё на харчаванне трацяць жыхары Люксембургу (каля 8,1% даходаў), Вялікабрытаніі (8,5%) і Ірландыі (8,6%). У пяцёрку лідараў рэйтынгу таксама ўвайшлі Аўстрыя (9,6%) і Германія (9,8%).

У цэлым жыхары краін Еўрасаюза, якія занялі ўсю верхнюю частку табліцы рэйтынгу, выдаткоўваюць на прадукты харчавання не больш за чвэрць сваіх спажывецкіх выдаткаў. Выключэнне складаюць толькі Румынія, дзе выдаткі на ежу складаюць 26,6%, і Македонія (30,5%).

Паралельна з гэтым даследнікі высятлілі долю выдаткаў еўрапейскіх жыхароў на алкаголь. Згодна з аналізам статыстычных дадзеных, менш за ўсё на алкаголь выдаткоўваюць жыхары вінаробных краін з танным уласным спіртным — Італіі (0,7% ад агульных расходаў), Іспаніі (0,8%) і Грэцыі (0,9%).

Больш за ўсё на алкагольныя напоі трацяць жыхары Эстоніі — 5,8% ад агульных выдаткаў, Венгрыі — 5,3%, Літвы — 4,7% і Латвіі — 4,3%. Беларусы трацяць на алкаголь у сярэднім 2,1% сваіх даходаў.