Беларусь закупіць у Кітаі 1,4 млн. дозаў вакцыны ад грыпу

29.07.2010 15:49
Архив Редакция

У 2010 годзе Беларусь закупіць каля 1,4 млн. дозаў процігрыпавай вакцыны кітайскай вытворчасці. Раней беларускія медыкі ў асноўным набывалі расійскія вакцыны. Пра гэта паведаміла загадчыца аддзялення імунапрафілактыкі Рэспубліканскага цэнтру гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя Вераніка Шымановіч.

«Гэта спліт-вакцына, яна расшчыпленая, нежывыя, сучасная. Яна з’яўляецца аналагам французскай «Ваксігрып» і можа прымяняцца нават для дзяцей ад узросту 6 месяцаў», — патлумачыла лекарка. Яна дадала, што склад вакцыны сфармаваны ў дакладнасці па рэкамендацыях СААЗ. У прыватнасці яна ўтрымлівае штам грыпу А/Н1N1, больш вядомага як свіны, перадае БелТА.

Па словах Веранікі Шымановіч, «людзі робяцца больш асцярожнымі і дасведчанымі, імкнуцца абараніць сябе». У сувязі з гэтым, плануецца прышчапіць за кошт сродкаў дзяржавы каля 14% насельніцтва краіны, сродкаў прадпрыемстваў і асабістых сродкаў грамадзянаў — яшчэ 6%, то бок каля 20% у суме. Для параўнання, у 2009 годзе былі прышчэпленыя каля 10% насельніцтва краіны, у 2008 — 8%. У той жа час, «Імунізацыя нават 20% не спыніць распаўсюджвання грыпу ў цэлым». «Але гэта надзейны спосаб абараніць сябе ад цяжкіх формаў захворвання», — заявіла доктарка.

У першую чаргу бясплатна прышчэпку змогуць зрабіць людзі з хранічнымі захворваннямі дыхальнай, сардэчна-судзіннай сістэмаў, нырак, пажылыя людзі старэйшыя за 65 гадоў. Права на бясплатную вакцынацыю маюць таксама дзеці ў дзіцячых садка і школах, працаўнікі сферы бытавога абслугоўвання, установаў адукацыі, гандлю і грамадскага харчавання, транспарту, людзі, якія знаходзяцца ў кантакце з дзецьмі малодшымі за шэсць месяцаў, адзначыла Вераніка Шымановіч.

Беларусь і Кітай будуць супрацоўнічаць у галіне энергетыкі, бія-і нанатэхналогіяў

Нацыянальная акадэмія навук Беларусі і Асацыяцыя па супрацоўніцтве вытворчасці, адукацыі і навукі Кітая падпісалі падчас нядаўняга візіту дэлегацыі НАН ў Кітай пагадненне аб партнёрстве ў галіне энергетыкі, бія-і нанатэхналогяўй, паведаміла прэс-сакратарка НАН Беларусі Марыя Жыткова.

Згодна з дамовай беларускія навукоўцы змогуць падрыхтаваць каля 100 сваіх праектаў, рэалізацыяй якіх будзе займацца кітайскі бок. «Кітайскія калегі таксама выступілі з прапановай стварыць кітайска-беларускі саюз вытворчасці і навукі як структуру па супрацоўніцтве і стымуляванні абмену вынікамі навукова-тэхнічнай дзейнасці», — распавяла Марыя Жыткова.

Таксама бакі дамовіліся развіваць супрацоўніцтва паміж Інстытутам цепла-і масаабмену імя А. В. Лыкава НАН Беларусі і кітайскімі спецыялістамі. Гэты інстытут ужо дзельнічаў у мадэрнізацыі ахаладжальных элементаў цеплавых станцый — градырняў. Беларуская тэхналогія ўжо доследна ўкаранёна на некалькіх кітайскіх станцыях. «Падпісана пагадненне на выкананні працаў яшчэ на трох такіх аб’ектах. У найбліжэйшы час нашы навукоўцы наведаюць Кітай для вывучэння ўмоваў эксплуатацыі станцыяў і пастаноўкі гранічных умоваў для вырашэння задачы іх аптымізацыі», — заявіла Марыя Жыткова.