Беларусь занялася прамысловай вытворчасцю кавуноў

24.09.2010 16:57
Архив Редакция

У Беларусі ў 2010 годзе пачалі вырошчваць кавуны на прамысловай аснове. Пасля шматгадовых выпрабаванняў навукоўцы адабралі некалькі гатункаў, прыдатных для вырошчвання ў глебава-кліматычных умовах Беларусі. Пра гэта паведаміў дырэктар Інстытуту агародніцтва Навукова-практычнага цэнтру па бульбаводстве і агародніцтве НАН Беларусі, доктар сельскагаспадарчых навук Аляксандр Аутка.

Навукоўцы праводзілі гатункавыя выпрабаванні ў сямі сельскагаспадарчых арганізацыях і фермерскіх гаспадарках Гомельскага, Рэчыцкага, Кобрынскага, Мінскага і Смалявіцкага раёнаў. Насенне кавуна было ўжо акліматызавана да мясцовых умоў. Спецыялісты інстытуту для іх распрацавалі спецыяльную тэхналогію вырошчвання бахчавых культур, якая дазваляе атрымліваць з кожнага гектара па 250-300 цэнтнераў прадукту, перадае БелТА.

На думку Аляксандра Ауткі, найбольш спрыяльнымі для бахчавых апынуліся землі Гомельскай, Берасцейскай, Мінскай і Гарадзенскай абласцей. Вырашчаныя ў Беларусі кавуны па змесце цукроў ані не горш за астраханскія, а ўтрыманне нітратаў у іх значна ніжэйшае, чым у прывазных.

У СВК «Бельск» Кобрынскага раёна Берасцейскай вобласці кавуны ў 2010 годзе вырошчвалі на плошчы 5 гектараў. У сярэднім з кожнага гектара атрымалі па 300 цэнтнераў. Прычым такая ўраджайнасць была дасягнута на нізкапладароднай пясчанай глебе.

Аляксандр Аутка паведаміў, што з 2011 года колькасць гаспадарак, што вырошчваюць бахчавыя культуры, значна павялічыцца. Цяпер вядзецца падбор арганізацый, якія валодаюць для гэтага неабходнымі плошчамі і жаданнем заняцца такім бізнэсам.

На думку дырэктара Інстытуту агародніцтва, вырошчванне кавуноў і дыняў можа стаць традыцыйным для беларускіх гаспадарак. «Яшчэ некалькі гадоў таму мне ніхто не верыў, што ў Беларусі можна будзе вырошчваць паўднёвыя культуры — перац і баклажаны, а нашы навукоўцы нават вывелі новыя гатункі, і цяпер іх з поспехам вырошчваюць многія садоўнікі-аматары. Я быў упэўнены, што першы досвед вырошчвання кавуноў таксама будзе паспяховым і ў нас хутка з’явіцца шмат паслядоўнікаў», — падкрэсліў Аляксандр Аутка.

Как вам новость?
Головоломки