Беларусь збіраецца перапрацоўваць нафту з Казахстана

02.12.2010 15:28
Архив Редакция

Беларусь збіраецца перапрацоўваць казахстанскую нафту на сваіх нафтаперапрацоўчых заводах. Пра гэта заявіў 2 снежня Аляксандр Лукашэнка ў інтэрв'ю адной з казахстанскіх тэлекампаніі. Усяго, па словах кіраўніка дзяржавы, паміж двума краінамі наладжана больш за 30 сумесных праектаў. У сваёй бальшыні гэта праекты, якія рэалізуе Беларусь на тэрыторыі Казахстана.

Што тычыцца энергетычнага супрацоўніцтва, то Аляксандр Лукашэнка сказаў: «Запрашаем, з вялікім задавальненнем». Паводле слоў беларускага лідара, Беларусь будзе перапрацоўваць казахстанскую нафту, а нафтапрадукты плануецца пастаўляць на сусветны рынак. «І будзем пастаўляць нафтапрадукты пасля яе перапрацоўкі на нашых заводах разам з вамі на еўрапейскі, расійскі, беларускі, украінскі рынкі», — цытуе словы прэзідэнта БелТА.

Лукашэнка разлічвае на простыя рашэнні істотных пытанняў у МС

Аляксандр Лукашэнка таксама выказаўся на тэму функцыянавання Мытнага саюза. «Гэта таксама вельмі сур’ёзнае супрацоўніцтва», — адзначыў беларускі прэзідэнт. Пры гэтым кіраўнік дзяржавы, нягледзячы на цяжкасці ў адносінах з Расіяй, разлічвае на больш простае рашэнне істотных пытанняў пасля пераходу да Адзінай эканамічнай прасторы Беларусі, Казахстана і Расіі.

«Ёсць у нас непаразуменне з расійскім бокам, але калі ўжо на гэта пайшлі (на фармаванне АЭП), трэба разумець, што ўсё тут павінна быць падпарадкавана галоўнай ідэі — свабодзе руху тавараў, рабочай сілы, капіталаў», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Пры гэтым беларускі лідар адзначыў, што ў гэтым аспекце супрацоўніцтва краіны робяць толькі першыя крокі і пакуль чаканняў больш, чым эфектыўнасці. Аднак, лічыць палітык, на першым этапе працы Мытнага саюза (у прыватнасці, на ўзроўні прыняцця рашэнняў і ўзгадненняў) цяжкасцяў не адзначана, «а калі яны ёсць, то вырашаюцца на ўзроўні экспертаў і членаў Камісіі МС».

«Галоўнае цяпер — ад гэтай першай стадыі перайсці да адзінай эканамічнай прасторы», — сказаў беларускі кіраўнік. Што датычыцца візавага пытання, прэзідэнт заявіў, што для Беларусі яно не з’яўляецца праблемным. «Гэта пытанне да еўрапейцаў. Мне здаецца, што мы абсалютна недалёка ад рашэння гэтых праблемаў», — сказаў беларускі лідар.

Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, жыхары Еўрасаюза зацікаўлены ў свабодным перамяшчэнні як па Беларусі, так і далей — у Расію і Казахстан. «Таму, я думаю, яны прымуць адпаведныя рашэнні», — дадаў Аляксандр Лукашэнка.

Как вам новость?