Беларусь зможа ўвозіць самалёты бяспошлінна да 2014 года

19.07.2010 15:20
Архив Редакция

Беларусь і Казахстан да 1 ліпеня 2014 года вызваляюцца ад выплаты пошлінаў на імпартныя самалёты і іх запасныя часткі. Такое рашэнне прыняла камісія Мытнага саюза. Пытанне аб падаўжэнні тэрмінаў дзеяння нулявых пошлінаў і рэжыму часовага ўвозу камісія Мытнага саюза плануе разгледзець не пазней за 1 ліпеня 2013 года.

Паводле рашэння камісіі, ад ўвазной мытнай пошліны вызваляюцца грамадзянскія пасажырскія самалёты, якія ўвозяцца да 1 ліпеня 2014 года ў Беларусь і Казахстан «у мэтах іх выкарыстання для міжнародных перавозак і (або) ўнутраных перавозак па тэрыторыі дзяржавы, дзе ажыццяўляецца ўвоз дадзенага тавару, і (або ) паміж тэрыторыямі дзяржаў — членаў Мытнага саюза».

На імпартную авіятэхніку пасля рамонту, што праводзіўся за мяжой МС, а таксама на авіярухавікі, запчасткі і абсталяванне, неабходныя для рамонту і тэхабслугоўвання самалётаў замежнай вытворчасці ўнутры МС таксама не будуць накладацца пошліны, паведамляе РИА «Новости».

Казахстан і Беларусь змогуць таксама выкарыстоўваць рэжым часовага ўвозу самалётаў (у тым ліку пры лізінгу тэхнікі) з поўным умоўным вызваленнем ад выплаты мытных пошлінаў і падаткаў, акрамя часовага ўвозу лайнераў умяшчальнасцю больш за 50 і менш за 111 месцаў і больш за 160 месцаў і менш за 219 месцаў.

Самалёты можна змясціць пад працэдуру часовага ўвозу да 31 снежаня 2013 года не больш чым на пяць гадоў (31 снежня 2018 года). Тэрмін часовага ўвозу можа быць павялічаны да 34 месяцаў, пры гэтым да такіх тавараў пасля 31 снежня 2018 года прымяняецца частковае ўмоўнае вызваленне ад выплаты пошлінаў.

Аднак дзеянне часовага ўвозу ў дачыненні да пасажырскіх самалётаў і тавараў, якія выкарыстоўваюцца для іх тэхнічнага абслугоўвання і рамонту, могуць прыпыніць у выпадку «змяшчэння названых тавараў пад мытную працэдуру перапрацоўкі на мытнай тэрыторыі або пад спецыяльную мытную працэдуру».

Камісія таксама спрашчае вываз самалётаў, рухавікоў і запчастак за межы мытнай тэрыторыі МС для іх рамонту і тэхнічнага абслугоўвання, у тым ліку капрамонту і мадэрнізацыі, пры ўмове іх зваротнага ўвозу не пазней як праз шэсць месяцаў.

Как вам новость?