Беларусі адмовілі ва ўдзеле ў Мюнхенскай канферэнцыі па бяспецы

19.01.2011 09:31
Архив Редакция

Міністру замежных спраў Беларусі Сяргею Мартынаву анулявалі запрашэнне на штогадовую Мюнхенскую канферэнцыю па бяспецы, якая пройдзе 4-6 лютага. Такое рашэнне прыняў пастаянны старшыня канферэнцыі Вольфганг Ішынгер "на знак пратэсту супраць сітуацыі з правамі чалавека ў аўтарытарна кіраванай краіне".

Вольфганг Ішынгер лічыць, што пасля падзеяў 19 снежня ў Беларусі «нельга паводзіць сябе так, быццам нічога не адбылося», паведамляе беларуская служба Deutsche Welle.

Разам з тым, на 47-й Мюнхенскай канферэнцыі па бяспецы, якая лічыцца найважнейшым у Еўропе міжнародным форумам, плануецца абмеркаваць шэраг спрэчных пытанняў знешняй палітыкі і палітыкі бяспекі.

Чакаецца, што ў гэтым годзе ў канферэнцыі возьмуць удзел каля 350 чалавек, у тым ліку 12 кіраўнікоў дзяржаў і ўрадаў. Сярод іх — канцлер Нямеччыны Ангела Меркель, прэзідэнт Афганістана Хамід Карзай, прэм’ер-міністр Вялікабрытаніі Дэвід Кэмеран, дзяржсакратара ЗША Хілары Клінтан, а таксама генеральны сакратар ААН Пан Гі Мун, генеральны сакратар НАТА Андэрс Фог Расмусэн.

Як раней перадаваў Тэлеграф, за разгон мірнай акцыі пратэсту апазіцыі ў Мінску 19 снежня і масавыя арышты яе ўдзельнікаў сусветная супольнасць рэзка асудзіла беларускія ўлады. Так, Польшча абвясціла аб увядзенні візавых санкцый супраць прэзідэнта краіны Аляксандра Лукашэнкі і яшчэ некалькіх сотняў чыноўнікаў. Аналагічныя санкцыі могуць быць прыняты з боку ўсяго Еўрасаюза 31 студзеня на чарговым пасяджэнні кіраўнікоў МЗС краін ЕС.

Как вам новость?