Беларусі надакучыла вазіць венесуэльскую нафту па чыгунцы

10.06.2010 12:11
Архив Редакция

Беларусь аналізуе альтэрнатыўныя магчымасці дастаўкі венесуэльскай нафты, паведамілі дзясятага чэрвеня ў ЗАТ "Беларуская нафтавая кампанія". Спецыялісты вывучаюць магчымасць дастаўкі нафты з Венесуэлы ў порты Літвы, Латвіі і Эстоніі альбо праз Адэсу, як гэта адбываецца цяпер, але далей па нафтаправодзе Адэса-Броды, які можа працаваць у аверсным рэжыме.

Як падкрэслілі ў БНК, менавіта апошні варыянт лічыцца прыярытэтным, хаця камбінаваныя спосабы пастаўкі не выключаюцца, перадае БелТА.

«Паводле дамоўленасцяў прэзідэнтаў дзвюх краін, агульны аб’ём пастаўкі венесуэльскай нафты ў Беларусь павінен скласці за 12 месяцаў каля чатырох мільёнаў. У сувязі з гэтым наша задача — максімальна аптымізаваць дастаўку сыравіны да Мазырскага НПЗ», — заявілі ў «Беларускай нафтавай кампаніі».

Як раней паведамляў Тэлеграф, Беларусь разлічвае атрымаць у ліпені другую партыю венесуэльскай нафты ў аб’ёме 80 тыс. тон, якая адправілася па моры 31 траўня. Пасля паступлення ў Адэскі порт венесуэльскую нафту даставяць на Мазырскі НПЗ па чыгунцы.

Па словах прэзідэнта Венесуэлы Уга Чавеса, нафтапрадукты з венесуэльскай нафты плануецца рэалізоўваць ва Украіну і еўрапейскія краіны. Нафтапрадукты з першай партыі ўжо прадала даччыная кампанія БНК «БНК-Украіна».

«Вынікі рэалізацыі нафтапрадуктаў з венесуэльскай нафты дазваляюць гаварыць аб эканамічнай эфектыўнасці яе перапрацоўкі і продажу нафтапрадуктаў», — заявілі ў «Беларускай нафтавай кампаніі».

Как вам новость?