Беларусі не хапае валюты на куплю электраэнергіі за мяжой

17.05.2011 17:25
Архив Редакция

ДВА "Белэнерга" сутыкнуўся з вострым дэфіцытам валюты для аплаты імпарту электраэнергіі з Расіі і Украіны. Як паведаміў прадстаўнік аб'яднання 17 траўня, ДВА не можа дамагчыся здавальнення сваіх заявак на набыццё валюты на Беларускай валютна-фондавай біржы (БВФБ) для разлікаў па імпарце.

«Мы былі вымушаныя пісаць лісты ва ўрад з тым, каб нам была дадзена магчымасць набыць на БВФБ неабходны аб’ём валютных рэсурсаў, але сітуацыя пакуль не знаходзіць вырашэння», — цытуе прадстаўніка «Белэнерга» ІА «Regnum-Беларусь».

Праблемы з купляй валюты ўжо прывялі да ўтварэння запазычанасці ДВА перад «Укрінтэрэнерга» і «ИнтерРАО» за пастаўкі электраэнергіі ў красавіку, у сувязі з чым беларускі бок папрасіў расійскіх і ўкраінскіх пастаўшчыкоў палічыць гэта форс-мажорнай акалічнасцю і не накладваць на Беларусь штрафныя санкцыі за пратэрміноўку плацяжоў.

«Белэнерга»: электраэнергія для спажыўцоў можа падаражэць

Для кампенсацыі страт ад імпарту ў выпадку магчымага яго прыпынення «Белэнерга» дапушчае магчымасць запуску рэзервовых магутнасцяў генерацыі электраэнергіі

«Безумоўна, патрэбы ўнутранага рынку мы закрыем, але па сабекошце электраэнергія, якая можа вырабляцца на такіх аб’ектах, вельмі дарагая. На яе вытворчасць траціцца шмат прыроднага газу, які краіна таксама купляе па імпарце і разлічваецца за яго валютай», — адзначыў прадстаўнік «Белэнерга».

Пад пытаннем таксама планавыя рамонты беларускіх генеруючых магутнасцяў і выкананне дзяржаўнай праграмы развіцця беларускай энергасістэмы да 2015 года.

«Праграма распрацоўвалася да валютнага крызісу, у ёй закладзеныя не толькі асноўныя напрамкі мадэрнізацыі, але і аб’ёмы фінансавання, што пралічаны ў беларускіх рублях. А цяпер, у сувязі з непрагназаваным курсам, наогул незразумела, колькі каштуюць гэтыя праекты», — паведаміў прадстаўнік «Белэнерга».

Как вам новость?
Головоломки