Беларусак прадавалі ў турэцкія бардэлі за дзве тысячы даляраў

19.10.2010 15:39
Архив Редакция

Міліцыя раскрыла дзейнасць транснацыянальнай злачыннай арганізацыі, якая з 2006 года займалася перапраўкай жыхарак Гомельскага рэгіёну ў Турцыю з мэтай сэксуальнай эксплуатацыі. Беларускіх дзяўчат прадавалі ў бардэлі Анталіі за дзве тысячы даляраў, паведамілі ў МУС.

Як стала вядома карэспандэнту Тэлеграфа, аператыўнікі Галоўнага ўпраўлення па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй МУС распрацоўвалі гэтую крымінальную структуру з сакавіка 2010 года. Міліцыя знайшла больш за 20 пацярпелых дзяўчат, у тым ліку адну непаўнагадовую.

Усе ахвяры былі завербаваныя зламыснікамі нібыта для працаўладкавання афіцыянткамі, хатнімі прыслужніцамі або прадаўцамі на рынках Турцыі, паведамілі ў МУС.

Транзіт «жывога тавару» ажыццяўляўся паветраным транспартам праз Маскву, Барыспаль (Украіна) або на пароме з Сочы. Па звестках міліцыі, аналагічны «бізнэс» зламыснікі наладзілі ў Расіі, Украіне, Малдове, а таксама ў краінах Лацінскай Амерыкі і Дамініканскай рэспубліцы. Колькасць ахвяр, якія апынуліся ў Турцыі, вылічаецца сотнямі.

Цяпер дзевяцярым актыўным удзельнікам дадзенай злачыннай арганізацыі (траім грамадзянам Турцыі і шасцярым беларусам) прад’явілі абвінавачанні па арт. 181 «Гандаль людзьмі» і арт. 285 «Стварэнне злачыннай арганізацыі» КК Беларусі. Трое зламыснікаў змешчаны ў следчы ізалятар, яшчэ двое — пад хатні арышт. Астатнія знаходзяцца на тэрыторыі Турцыі.

Беларуская міліцыя накіравала турэцкім калегам адпаведныя міжнародныя даручэнні аб аказанні прававой дапамогі. У сукупнасці кожнаму фігуранту па беларускім заканадаўстве можа пагражаць да 20 гадоў пазбаўлення волі.

Па дадзеных МУС, у Беларусі ў параўнанні з суседнімі краінамі маштабы гандлю людзьмі не вялікія. З 2005 года колькасць такіх злачынстваў скарацілася ў два разы. Аднак праблема існуе: у 2010 годзе толькі органы ўнутраных спраў спынілі больш за 50 устойлівых каналаў гандлю беларускімі грамадзянамі за мяжу.

Как вам новость?