"Беларусбанк" зацвердзіў умовы продажу валюты на сацпатрэбы

17.05.2011 13:23
Архив Редакция

ААТ "ААБ Беларусбанк", прытрымліваючыся рэкамендацый Нацыянальнага банка Беларусі, рэгламентаваны парадак продажу замежнай валюты фізічным асобам для здзяйснення імі сацыяльна значных выдаткаў за межамі краіны. На 16 траўняз просьбай аб набыцці валюты на сацыяльныя мэты ў банк ужо звярнулася 36 чалавек. Пра гэта паведамілі ў "Беларусбанку".

Згодна з пастановай кіраўніцтва банка, продаж валюты для лячэння, аплаты за навучанне і пражыванне студэнтаў за мяжой, выезду ў сувязі з цяжкай хваробай або смерцю сваякоў структурныя падраздзяленні банка будуць ажыццяўляць у безнаяўным парадку з залічэннем на бягучы, укладны рахунак або карт-рахунак кліента з наступным міжнародным пераводам замежнай валюты на задакляраваную мэту (на рахункі медыцынскіх і адукацыйных установаў) на падставе рашэння фінансавага камітэту банка.

Для набыцця валюты заяўнік павінен звярнуцца ў бліжэйшую ўстанову «Беларусбанка», прыклаўшы да заявы пацвярджаючыя дакументы (іх камплект у кожным асобным выпадку разглядаецца індывідуальна) і паказаўшы неабходную суму. У выпадку абгрунтаванасці заявы, рэестр прынятых заяў перадаецца ў цэнтральны апарат банка, дзе яго разглядае фінансавы камітэт. Заяўніка павінны праінфармаваць як аб станоўчым, так і аб адмоўным рашэнні камітэту.

У экстраных выпадках (смерці блізкага сваяка за мяжой і інш.) рашэнне аб продажы замежнай валюты па-за чаргой кіраўнік установы банка можа прыняць самастойна з наступным паведамленнем цэнтральнага апарата для ўхвалення продажу.

Как вам новость?
Головоломки