Беларусы лічаць мясцовыя ўлады некампетэнтнымі

20.07.2010 16:23
Архив Редакция

Прэзідэнту Беларусі Аляксандру Лукашэнку даклалі аб выніках першага этапу праведзенага па яго даручэнні маніторынгу якасці працы органаў улады са зваротамі грамадзянаў. Каля 80% скаргаў па выніках першага этапу маніторынгу адносяцца да кампетэнцыі мясцовай улады, распавялі ў прэс-службе беларускага лідара.

У ліку самых вострых пытанняў, якія патрабуюць першачарговага вырашэння, людзі назвалі пытанні землекарыстання і землеўпарадкавання, будаўніцтва жылля (высокі кошт, расцягнутыя тэрміны, нізкая якасць).

34% зваротаў тычацца сферы ЖКГ, у тым ліку значная частка з іх — пытанняў правядзення капітальнага рамонту жылых дамоў. Пастаянныя пераносы тэрмінаў, адсутнасць кантролю за ходам і якасцю выканання рамонтных прац выклікаюць абгрунтаваную незадаволенасць грамадзянаў, расказалі ў Адміністрацыі Аляксандра Лукашэнкі.

Шмат нараканняў у насельніцтва правераных раёнаў выклікае праца мясцовых органаў улады па аказанні дапамогі ў вядзенні асабістых прысядзібных гаспадарак. Сельскія жыхары скардзяцца на нізкі ўзровень арганізацыі збору малака, неадпаведнасць колькасных і якасных паказчыкаў малака ў малаказборшчыкаў і на малаказаводах, несвоечасовыя разлікі з насельніцтвам за здадзеныя малако і жывёлу.

Таксама масава заявілі аб сваёй праблеме ашуканыя дольшчыкі. У сувязі з гэтым кіраўнік дзяржавы даручыў прыняць вычарпальныя меры, якія не дапусцяць падобных сітуацыяў у краіне.

Сярод найбольш частых заўваг — недастатковы ўзровень культуры зносінаў з людзьмі, фармальнае, бюракратычныя стаўленне да вырашэння праблемаў грамадзян, недахоп чалавечае ўвагі да простых людзей.

Лукашэнка запатрабаваў прыцягнуць да строгай адказнасці чыноўнікаў, якія дрэнна працуюць з насельніцтвам

На загад Аляксандра Лукашэнкі ўсе вусныя і пісьмовыя звароты, якія паступілі ў ходзе маніторынгу, узятыя на кантроль і накіраваны для аб’ектыўнага і прафесійнага рашэння.

«Па выяўленых фактах цяганіны, грубасці, іншага неналежнага разгляду скаргаў і заяваў грамадзянаў павінны быць прынятыя самыя строгія меры рэагавання», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. Старшыням аблвыканкамаў і Мінскага гарвыканкама прэзідэнт даручыў прааналізаваць указаныя праблемы і «прыцягнуць да строгай адказнасці (ажно да звальнення) службовых асобаў, якія дапусцілі хібы ў працы з насельніцтвам».

Акрамя таго, кіраўнік дзяржавы запатрабаваў працягнуць маніторынг стану працы мясцовых органаў улады з насельніцтвам, пашырыўшы формы рэальнай і дзейснай сувязі з грамадзянамі краіны.

Адміністрацыя прэзідэнта: за лічаныя дні вырашалася тое, што гадамі зацягвалася мясцовымі ўладамі

Члены дзевяці міжведамасных працоўных групаў вывучылі дзейнасць абласных і Мінскага гарадскога выканкамаў, 18 райвыканкамаў, чатырох адміністрацыяў раёнаў Мінску і 24 сельскіх выканкамаў. У рэгіёнах правялі 22 асабістыя прыёмы і прынялі 1362 чалавекі. Таксама былі арганізаваны гарачыя тэлефонныя лініі, падчас якіх паступіла каля тысячы званкоў, распавялі ў Адміністрацыі Аляксандра Лукашэнкі.

У выніку маніторынгу працы мясцовай улады з грамадзянамі былі выяўленыя факты бюракратызму, цяганіны і карупцыі, якія пасля выяўлення былі аператыўна вырашаныя і ліквідаваныя.

Падчас першага этапу маніторынгу акцэнт быў зроблены на непасрэдных зносінах членаў працоўных групаў з насельніцтвам. У некаторых выпадках за лічаныя дні вырашалася тое, што гадамі зацягвалася мясцовымі органамі ўлады. Так, за адну ноч у вёсцы Замасточча Віцебскага раёна з’явіўся калодзеж, аб будаўніцтве якога паўгады таму аблвыканкам двойчы даў справаздачу на паперы — заяўнікам і Адміністрацыі прэзідэнта.

У адміністрацыю Кастрычніцкага раёна Мінску на прыём звярнулася тры шматдзетныя сем’і, якія стаяць на ўліку тых, хто патрабуе паляпшэння жыллёвых умоваў. Два гады таму ім выдзелілі зямельныя ўчасткі для будаўніцтва дамоў у вёсках Цна і Зацень. Аднак, калі пачалося афармленне дакументаў, высветлілася, што гэтыя землі раней здадзены ў арэнду іншым грамадзянам, адзін з якіх памёр. Пасля ўмяшання Адміністрацыі прэзідэнта да адказнасці прыцягнуты старшыня камітэту архітэктуры і горадабудаўніцтва Мінгарвыканкама і шэраг іншых сталічных чыноўнікаў.

Как вам новость?
Головоломки