Беларусы не ўтрымалі перамогу ў матчы са славакамі на ЧС па хакеі

12.05.2010 09:35
Архив Редакция

Зборная Беларусі ў другім паядынку папярэдняга этапу чэмпіянату свету па хакеі, які праходзіць у Нямеччыне, саступіла 11 траўня камандзе Славакіі, настаўнікам якой з'яўляецца былы рулявы мінскага "Дынама" і зборнай Беларусі Глен Хэнлан. Сустрэча Беларусь — Славакія завяршылася з лікам 2:4 (2:0, 0:2, 0:2).

На адрозненне ад стартавага пераможнага паядынку з Казахстанам (5:2) сустрэчу са славакамі беларусы пачалі жвава і ўжо праз дзевяць хвілін дамагліся перавагі ў дзве шайбы, перадае БелТА. Спачатку Сяргей Дземагін своечасова падаспеў на дабіванне пасля таго, як шайба сышла з крука ў Дзмітрыя Мялешкі. Падвоіў лік кідком з вострага вугла Аляксей Калюжны, прычым у гэты момант у супернікаў павінна было быць выдаленне за парушэнне лікавага складу, але беларусы не сталі чакаць спынення гульні, працягнуўшы атаку і замяніўшы галкіпера палявым гульцом.
Лік неўзабаве мог бы стаць і большым, калі б беларусы ўдачлівейшыя, а суддзі ўважлівейшыя. Арбітры прагледзелі момант, калі Марэк Заграпан у кроў разбіў нос Яраславу Чупрысу, за што належыць падвойны малы штраф.
Тым не менш заканчэнне першага перыяду прайшло пад дыктоўку нашай каманды, якая больш як удвая перасягнула суперніка ў колькасці кідкоў па варотах.
Другі перыяд славакі пачалі актыўней. Канчаткова ж жружына Глена Хэнлона прыбрала ініцыятыву да сваіх рук пасля зацягнутай тэхнічнай паўзы, выкліканай праблемамі з загараджальным шклом на арэне. Калі ж гульня аднавілася, зборная Славакіі скараціла адставанне ў ліку, рэалізаваўшы выдаленне Аляксандра Радзінскага: беларусы не ўсачылі на пятачку перад варотамі за Іванам Чэрнікам, які спакойна згуляў на дабіваннні пасля кідку былога мінскага дынамаўца Рыхарда Лінтнэра, які з’яўляецца капітанам зборнай Славакіі. 
Натхнёныя славакі тут жа рынуліся развіваць поспех, а нашы суайчыннікі сутаргава адбіваліся. Яшчэ ў другім перыядзе падапечныя Глена Хэнлана паспелі зраўняць лік, калі Уладзімір Дзянісаў і Віктар Касцючонак гасцінна расступіліся перад Міланам Бартавічам, які разагнаўся і без перашкод абгуляў нашага брамніка. 
Трэці перыяд пачаўся дзвюма запар выдаленнямі Аляксея Калюжнага, і другая «высылка» аказалася фатальнай — славакі ўпершыню ў матчы выйшлі наперад.
Нашы лідары залішне заўзята рынуліся выпраўляць сітуацыю, і неўзабаве на лаве для аштрафаваных ускіпеўшы аказаўся  Міхаіл Грабоўскі. 
Пасля вяртання Міхаіла на лёд ініцыятыву перахапіць атрымалася, але атакам нашага першага звяна бракавала зладжанасці і асэнсаванасці. Кожны спрабаваў выратаваць гульню ў адзіночку, было шмат лішніх рухаў і непатрэбнай мітусні. Часам мудрагелістыя віражы форвардаў у чужой зоне глядзеліся вельмі эфектна, але аказаліся зусім безвыніковымі. Пераадолеўшы адзін абарончы заслон, беларусы натыкаліся на другі, і напады на гэтым захлыналіся.
Ну а канец беларускім пакутам паклаў усё той жа Бартавіч, які ўцёк у контратаку пасля нязграбнага падзення ля борта Уладзіміра Дзянісава і не сустрэў супраціву з боку марудлівага Аляксандра Радзінскага каля сваіх варотаў — 2:4. Гол выклікаў яшчэ адну порцыю бездапаможнай злосці ў беларускіх хакеістаў і абярнуўся дадатковымі выдаленнямі, якія, зрэшты, ужо не мелі асаблівага значэння.
Галоўны трэнер зборнай Беларусі Эдуард Занкавец сярод прычынаў паразы назваў расслабленасць пасля дзвюх хуткіх шайбаў і нястрыманасць лідараў каманды, якія не ўправіліся з нервамі. 
«Думаю, два хуткія голы згулялі з нашай камандай злы жарт. У хлопцаў з’явілася некаторая расслабленасць, а трэнерскі штаб не змог своечасова вярнуць хлопцаў у неабходны маральны стан. Таксама важную ролю згулялі правакацыі славакаў, дзякуючы якім ім удалося на час практычна выключыць з гульні нашых лідараў. Але гэта элемент хакея, так што, у прынцыпе, гэта наша віна, што не змаглі ўправіцца з нервамі», — прыводзіць словы Эдуарда Занкаўца прэс-служба Федэрацыі хакея Беларусі.
У іншым паядынку групы А ў Кёльне расійцы 11 траўня ўзялі верх над казахстанцамі.
Расія — Казахстан — 4:1 (Авечкін, 11, у большасці, Кавальчук, 21, Семін, 38, Грабяшкоў, 44 — Дудараў, 58, у большасці).
Турнірнае становішча ў групе А (пасля другога тура): Расія — 6 ачкоў (розніца шайбаў 7-2), Славакія — 3 
Расія гарантавала сабе выхад у другі этап чэмпіянату свету. Зборная Беларусі завершыць папярэдні этап 13 траўня матчам з расійцамі, а славакі згуляюць з Казахстанам.
У групе С у Мангейме сёння таксама прайшлі два паядынкі, дзе звяртае на сябе ўвагу параза зборнай Чэхіі ад нарвежцаў.
Чэхія — Нарвегія — 2:3 (Ягр, 28, у большасці 5 на 3, 54, у большасці — Цукарэла-Аасен, 13, Фрэдрыксен, 31, Бастыянсен, 45).
Швецыя — Францыя — 3:2 (К.Гунарсан, 18, Андэрсан, 23, Хар’ю, 28 — Й.Трэй, 45, Тардзіф, 55).
Турнірнае становішча ў групе С (пасля другога тура): Швецыя — 6 ачкоў (розніца шайбаў 8-4), Нарвегія — 3 (5-7), Чэхія — 3 (8-5), Францыя — 0 (4-9).
Швецыя гарантавала сабе выхад у другі этап чэмпіянату свету.
Турнірнае становішча ў групе D (Кёльн) (пасля двух тураў): Данія — 5 ачкоў (розніца шайбаў 6-2), Фінляндыя — 3 (2-4), Нямеччына — 2 (2-2), ЗША — 2 (2-4).
Данія гарантавала сабе выхад ў другі этап чэмпіянату свету. 
Турнірнае становішча ў групе В (Мангейм) (пасля двух тураў): Канада — 6 ачкоў (розніца шайбаў 11-2), Швейцарыя — 6 (6-1), Латвія — 0 (2-9), Італія — 0 (1-8).
Канада і Швейцарыя гарантавалі сабе выхад у другі этап чэмпіянату свету.
Тры лепшыя каманды кожнай з папярэдніх груп працягнуць барацьбу за медалі, аўтсайдары ж будуць ваяваць з няўдачнікамі іншых квартэтаў за захаванне прапіскі ў элітным дывізіёне.

Как вам новость?
Головоломки