Беларусы прывезлі з Еўра-2010 па водных відах спорту чатыры медалі

16.08.2010 11:13
Архив Редакция

Беларускі спартовец Вадзім Коптур заваяваў бронзу ў скачках з 10-метровай вышкі на чэмпіянаце Еўропы па водных відах спорту, які завяршыўся 15 жніўня ў вугорскім Будапешце. У фінале па суме шасці скачкоў Вадзім Коптур набраў 515,80 бала, усяго на 0,65 ачка адстаўшы ад срэбнага прызёра Патрыка Хаўсдынга з Германіі (516,45). Чэмпіёнам Еўропы зрабіўся нямецкі скакун Саша Кляйн (534,85).

Яшчэ адзін беларускі спартовец Цімафей Гардзейчык размясціўся на сёмай пазіцыі (446,15).

Такім чынам, беларускія скакуны ў ваду вязуць з Будапешту дзве ўзнагароды. Раней Цімафей Гардзейчык і Вадзім Коптур заваявалі бронзу ў сінхронных скачках з 10-метровай вышкі.

У заключны дзень чэмпіянату Еўропы змагалася за медаль і беларуская плыўчыха Аляксандра Герасіменя. Але на гэты раз да п’едэсталу яна не дацягнула, заняўшы пятае месца ў фінальным заплыве вольным стылем на дыстанцыі 50 м (24,82 сек.). Чэмпіёнкай стала Тэрэзэ Альсхамар са Швецыі (24,45 сек.), срэбнай прызёркай — Хінкелін Шродэр з Галандыі (24,66), бронзавай — Франчэска Халзал з Вялікабрытаніі (24,67 сек.).

Усяго ў актыве беларускіх плыўцоў на чэмпіянаце Еўропы па водных відах спорту ў Будапешце два медалі, і абодва заваявала 24-гадовая Аляксандра Герасіменя. Спачатку яна выйграла срэбра на 100 м вольным стылем (першая ў дарослай кар’еры ўзнагарода на алімпійскай дыстанцыі), а затым заваявала золата ў плаванні на спіне на дыстанцыі 50 м, двойчы абнавіўшы пры гэтым рэкорд кантынентальных першынстваў. Гэта яе першае золата на топ-турнірах.

Раней на кантынентальных форумах Аляксандра Герасіменя ўжо заваёўвала медалі. У 2002 годзе яна стала бронзавым прызёрам на 50 м вольным стылем і на 50 м на спіне. На ЧЕ-2006 заваявала срэбра на 50 м на спіне. У 2002 годзе на чэмпіянаце Еўропы на «кароткай вадзе» (даўжыня басейна 25 м) стала срэбным прызёрам на дыстанцыі 50 м вольным стылем.

Ёсць у беларускі і ўзнагарода чэмпіянату свету. У 2007 годзе яна выйграла срэбра першынства планеты на дыстанцыі 50 м на спіне.

Как вам новость?