Беларусы стаяць па валюту цэлымі суткі

22.04.2011 16:14
Архив Редакция

Каля абменных пунктаў на мінскім чыгуначным вакзале людзі стаяць у чэргах не толькі днём, але і ўначы, спрабуючы купіць валюту. Як распавялі Тэлеграфу некаторыя з тых, хто заняў чаргу, стаяць ноччу выгадна тым, што ў гэты час на вакзале бываюць замежныя турысты, якім можна прапанаваць памяняць даляры ці еўра па добрым курсе.

Многія з «мянялаў» не жадаюць кантактаваць з журналістамі. Так, тыя, хто стаялі каля абменнага пункта ў сталічным гіпермаркеце «Карона», пагражалі разбіць камеру фотакарэспандэнту Тэлеграфа, калі той працягне здымку. Чарга каля абменнага пункта на Камароўскім рынку разбеглася яшчэ да таго, як фатограф паспеў зрабіць першы здымак.

У Мінску з’явіліся прафесійныя «стаяльцы ў абменніках»

У Мінску дзейнічае служба «Мы стаім за вас у чарзе», паслугі якой распаўсюджваюцца на чэргі ў выканкамах, амбасадах, ЗАГС, банках, міністэрстве замежных спраў і аўтаінспекцыі, а з нядаўняга часу — і ў пунктах абмену валюты.

«Вы паведамляеце аб месцы і часе, мы займаем за вас чаргу і даем 100%-ую гарантыю наведвання вамі дадзенага кабінета», — паведамляе сайт службы. «Прафесійныя стаяльцы» інфармуюць кліентаў аб прасоўванні чаргі праз sms.

Каштуе гэтая паслуга 10-17 тыс. рублёў (3,29-5,58 даляра) за гадзіну. Самая высокая цана выпаде на чэргі ў начны час — з 01:00 да 06:00.

Как вам новость?
Головоломки