Беларусы з буйным лікам саступілі шведам на юнацкім ЧС па хакеі

15.04.2010 13:35
Архив Редакция

Юнацкая зборная Беларусі па хакеі правяла свой стартавы паядынак на чэмпіянаце свету, які праходзіць у Мінску і Бабруйску. Першым супернікам беларусаў былі шведы. Першы перыяд завяршыўся з лікам 0:0. Нажаль, у другім перыядзе скандынавы закінулі гаспадарам турніру пяць неўзаемных шайбаў. Завяршыўся ж паядынак з лікам 7:0 на карысць шведаў.

На пасляматчавай прэс-канферэнцыі галоўны трэнер шведаў Стэфан Лунд адзначыў, што яго каманда атрымала такую ўпэўненую перамогу за кошт перавагі ў хуткасці, перадае БелТА.

«Мы зрабілі стаўку на хуткасць і хуткі першы пас. Таксама імкнуліся гуляць глыбока ў зоне супернікаў. Прызнацца, пасля «Турніру шасці нацый» мы трохі асцерагаліся беларусаў, таму наладжваліся на гэту гульню вельмі сур’ёзна», — прыводзіць словы Стэфана Лунда афіцыйны сайт ФХРБ.

Рулявы беларусаў Уладзімір Сафонаў адзначыў, што супернікі ва ўсім пераўзыходзілі яго падапечных.

«Шведы пераўзыходзілі нас практычна ва ўсіх кампанентах, асабліва ў катанні, — паведаміў СМІ галоўны трэнер зборнай Беларусі Ўладзімір Сафонаў. — У параўнанні з «Турнірам шасці нацый», у шведаў дадаўся шэраг гульцоў, якія значна ўзмацнілі гэту каманду. Чэмпіянат працягваецца, гэта толькі першая гульня. Будзем рабіць высновы. Асабліва звернем увагу на выдаленні — мы недаравальна часта парушаем правілы», — сказаў Уладзімір Сафонаў.
 
У сераду ў групе А амерыканцы перагулялі швейцарцаў — 5:1, а ў групе В ў першым матчы Расія не пакінула шанцаў Латвіі — 9:0, чэхі перамаглі славакаў — 4:3.

Как вам новость?
Головоломки