Беларусы з Лівіі прыбылі ў Маскву

24.02.2011 11:40
Архив Редакция

Самалёт міністэрства па надзвычайных сітуацыях Расіі раніцай 23 лютага даставіў у маскоўскі аэрапорт "Дамадзедава" грамадзян Беларусі, якія знаходзіліся ў Лівіі. Пра гэта праінфармавала намесніца начальніка ўпраўлення інфармацыі і начальніца аддзелу прэс-службы беларускага міністэрства замежных спраў Марыя Ваньшына.

Яна адзначыла, што ў «Дамадзедава» беларускія грамадзяне сустрэліся з супрацоўнікамі амбасады Беларусі ў Маскве. Беларусаў, што прыляцелі з Лівіі, пасольства забяспечвае транспартам, гатэлем і харчаваннем, а таксама аказвае ім дапамогу для ад’езду дадому, сцвярджае Марыя Ваньшына.

Чыноўніца дадала, што МЗС сочыць за сітуацыяй з беларускімі грамадзянамі, якія застаюцца ў Лівіі, і нагадала, што амбасада Беларусі ў Трыпалі працягвае аказваць ім неабходную дапамогу.

«Распаўсюджаная асобнымі СМІ інфармацыя аб сітуацыі з магчымасцю эвакуацыі беларускіх грамадзян, якія знаходзяцца ў Лівіі, у многіх выпадках скажае рэальныя факты. Падобная інфармацыя дэзарыентуе частку беларусаў, што застаюцца ў Лівіі,  і вельмі ўскладняе працу беларускай дыпламатычнай місіі», — адзначыла Марыя Ваньшына.

Яна таксама паведаміла, што грамадзяне Беларусі ў Лівіі могуць кругласуткава звяртацца ў беларускую амбасаду ў Трыпалі па тэлефонах (+218 21) 3612555, 3614297, 3616316. Калі ж тэлефонная сувязь будзе адсутнічаць, прадстаўніцтву Беларусі можна напісаць ліст на электронную скрыню [email protected].

Як раней перадаваў Тэлеграф, дарадца пасольства Беларусі ў Трыпалі Рыгор Грамыка паведаміў, што самалётам МНС Расіі ў Маскву вылецела 20 беларусаў. Дыпламат таксама выказаў меркаванне, што на дадзены момант сітуацыя ў горадзе дастаткова спакойная і стабільная.

Как вам новость?
Головоломки