Беларусы заваявалі трэці медаль на Еўра-2010 па лёгкай атлетыцы

30.07.2010 09:55
Архив Редакция

У трэці дзень спаборніцтваў ХХ чэмпіянату Еўропы па лёгкай атлетыцы беларус Андрэй Краўчанка заваяваў бронзавы медаль у дзесяцібор'і. Выйграў у гэтым відзе француз Раман Барас - 8453, другое месца - у галандца Элка Сінтнікаласа - 8436. Другі наш дзесяціборац, дэбютант чэмпіянату Еўропы Эдуард Міхан заняў восьмае месца, паўтарыўшы найлепшы асабісты вынік - 7999.

Такім чынам, у скарбонцы нацыянальнай зборнай тры медалі рознай вартасці — золата, срэбра і бронза. Першыя два медалі — залаты і срэбны — былі заваяваныя нашымі штурхальніцамі ядра Надзеяй Астапчук і Наталляй Міхневіч. У медальным заліку беларусы пасля трох дзён спаборніцтваў — на пятай пазіцыі. Лідзіруюць расійцы — дзевяць медалёў, паведаміла Telegraf.by прэс-аташэ Беларускай федэрацыі лёгкай атлетыкі Настасся Марыніна.

«Эмоцыі сёння ў мяне — станоўчыя, я — на сёмым небе, — сказаў пасля спаборніцтваў Андрэй Краўчанка. — Вельмі задаволены — змагаўся як мог. У Барселоне былі вельмі цікавыя, напружаныя спаборніцтвы — мне спадабаліся. Ды і надвор’е наладзілася, я люблю ў такое выступаць. І рады не медалю, а таму, што зноў вяртаюся. У мяне былі праблемы са здароўем, у асабістым жыцці, у сям’і — усё неяк наклалася адно на адно. Цяпер усё наладзілася. Задаволены, што ўсё добра, што нічога не баліць, што медаль ёсць».

Калі электроннае табло стадыёна паказала вынік Эдуарда Міхана, і ён, і Андрэй Краўчанка схапіліся за галовы — у мнагабор’і паўтарыць найлепшы асабісты вынік выходзіць не часта, а тут ізноў — 7999.

«Засмучаны, моцна засмучаны, бо настройваўся на 8 тысяч, — дзеліцца ўражаннямі Эдуард Міхан. — Настройваўся, што калі прабягу «паўтарашку» 4.27-4.28, то набяру 8050 і буду шостым. Але не папёрла. Гэта трэба — 1500 метраў — мой від, самы горшы вынік у мяне 4.27 быў, але сёння проста не было чым бегчы. Гэта быў першы дарослы старт для мяне, але нічога асаблівага тут няма — усе яны людзі, і ўсе аднолькавыя. Трэба проста з імі і з сабой змагацца».