Беларусы змогуць працаваць у Польшчы без дазволу на працу

14.12.2010 12:38
Архив Редакция

З 1 студзеня 2011 года грамадзяне Беларусі, Грузіі, Малдовы, Расіі і Украіны змогуць працаваць у Польшчы без дазволу на працу. Польскія ўлады з гэтага часу будуць патрабаваць ад замежнікаў, што працуюць у краіне, толькі дакумент ад працадаўцы — такое распараджэнне падпісала міністр працы Польшчы Іаланта Федак (Jolanta Fedak).

Згодна з дакументам, польскі працадаўца павінен напісаць заяву аб прыёме на працу замежнай асобы ў павятовую ўправу працы і там жа зарэгістраваць заяўку, піша газета «Дело».

Па дадзеных Сусветнага банка, Польшча займае дзясятае месца ў свеце па колькасці эмігрантаў, што пражываюць на яе тэрыторыі. У дакладзе «Міграцыя і грашовыя пераводы» СБ паведамляе, што ў Польшчы назіраецца натуральнае змяншэнне насельніцтва не толькі таму, што смяротнасць перавышае нараджальнасць, але і з прычыны таго, што колькасць эмігрантаў перавышае лік імігрантаў. Так, за апошнія гады з Польшчы ўсё больш людзей выязджае ў Германію, ЗША і Канаду, прычым агульная іх колькасць перавышае лік тых, хто ўязджае ў Польшчу з іншых краінаў.

Беларусь за апошнія гады перайшла ад чыстай эміграцыі ў чыстую іміграцыю, у краіне таксама назіраецца зніжэнне колькасці насельніцтва, і маштаб іміграцыі недастатковы для таго, каб кампенсаваць натуральнае змяншэнне насельніцтва.

Для Беларусі характэрны адмоўны натуральны прырост у 2% і станоўчая чыстая міграцыя ў 0,3%. У Польшчы натуральны прырост роўны нолю, а сальда міграцыі адмоўнае і складае -1,1%.

У той жа час, Беларусь знаходзіцца на другім месцы па заключэнні рэгіянальных і двухбаковых пагадненняў аб працоўнай дзейнасці і сацыяльнай абароне грамадзянаў, якія працуюць за межамі сваіх краін. Беларусь заключыла падобныя дамовы з шасцю з адзінаццаці краін СНД, абагнаўшы Казахстан і Украіну, якія заключылі па чатыры пагадненні.

Как вам новость?