Беларускі апазіцыянер папрасіў палітычнага прытулку ў Польшчы

19.08.2010 16:14
Архив Редакция

Палітычнага прытулку ў Польшчы папрасіў 58-гадовы беларускі апазіцыянер з Клецку Сяргей Панамароў. У Беларусі супраць яго была ўзбуджаная крымінальная справа па арт. 369 КК РБ («Абраза прадстаўніка ўлады»). Да суду актывіст павінен быў знаходзіцца пад падпіскай аб нявыездзе. Аднак апазіцыянер паехаў у Варшаву, дзе цяпер знаходзіцца ў лагеры для бежанцаў.

Па словах Сяргея Панамарова, знаёмы клецкі міліцыянт папярэдзіў ягоную жонку аб тым, што што актывісту трэба тэрмінова з’язджаць вучыцца за мяжу. Нібыта ў Клецкі РУУС прыязджаў супрацоўнік КДБ, пры сабе меў папку з прозвішчам апазіцыянера і казаў, што з ім трэба сканчаць, паведамляе «n#####n».

Па словах апазіцыянера, за ім пачалі сачыць. У Мінск актывіст з’ехаў з пустымі рукамі, рэчы для яго падрыхтавалі сябры ў сталіцы. Спачатку беларускі апазіцыянер паехаў у Маскву, а адтуль праз Кіеў у Варшаву. У сталіцы Польшчы яго сустрэлі прадстаўнікі фонду «Свабода і дэмакратыя».

Акрамя Сяргея Панамарова, у лагеры для бежанцаў знаходзіцца член арганізацыі «Малады фронт» Зміцер Сакалоў. Асноўны кантынгент лагера — каўказцы. Акрамя двух беларусаў прытулку чакае адзін украінец.

Па словах апазіцыянера, вымушаны ад’езд даўся яму вельмі не проста. «Вельмі цяжка, таму што мне ўжо хутка 59 гадоў», — адзначыў Сяргей Панамароў. Пры гэтым актывіст не хавае, што яму сорамна за свой ад’езд.

У Польшчы беларускі апазіцыянер плануе знайсці працу, паралельна мяркуе працягваць грамадска-палітычную дзейнасць. У Беларусь апазіцыянер збіраецца вярнуцца толькі пасля змены рэжыму.

Супраць Панамарова будуць судзіцца пяць клецкіх чыноўнікаў

Жонка актывіста Святлана Панамарова не выключае, што яе мужа маглі справакаваць на ўцёкі. «Яго крымінальная справа шытая белымі ніткамі, але ў нашай краіне зусім няма надзеі на справядлівы суд, а ў Сяргея не той узрост і здароўе, каб ні за што ісці ў турму», — распавяла жонка актывіста.

23 жніўня ў 10:30 у судзе Слуцкага раёна павінен пачацца крымінальны працэс па арт. 369 КК РБ («Абраза прадстаўніка ўлады»). Справу на Сяргея Панамарова завялі 25 траўня 2010 года. Супраць яго будуць судзіцца пяць клецкіх чыноўнікаў: старшыня Клецкага райвыканкама А. Бойка, суддзя райсуду А. Гасцеева, старшыня раённага савета дэпутатаў П. Дудук і Клецкія міліцыянты А. Канановіч і С. Здрок. Па версіі следства, абразу вышэйзгаданым асобам Сяргей Панамароў нанёс сваімі артыкуламі ў бюлетэні «Бойкі Клецак», які ён выдаваў.

Как вам новость?
Головоломки