Беларускі АПК вінен 14,6 млрд. даляраў

16.02.2011 15:45
Архив Редакция

Запазычанасць прадпрыемстваў аграпрамысловага комплексу Беларусі на дадзены момант складае 44 трлн. рублёў (14,57 млрд. даляраў). Цяпер Савет міністраў спрабуе вырашыць гэтую праблему, у сувязі з чым разглядае некалькі варыянтаў, паведаміў 16 лютага намеснік прэм'ер-міністра краіны Валеры Іваноў.

«Гэта дастаткова сур’ёзны ўзровень запазычанасці, які негатыўным чынам кладзецца на развіццё вытворчасці», — цытуе Валерыя Іванова БелаПАН.

Аднак, паводле яго слоў, «не трэба пасыпаць галаву попелам», таму што ўзровень вытворчасці на сёння забяспечвае «больш ці менш рэнтабельную працу».

Іваноў: у 2015 годзе ў сёлах павінны зарабляць 750 даляраў

Гаворачы аб праграме развіцця АПК на бліжэйшыя пяць гадоў, віцэ-прэм’ер удакладніў, што яна прадугледжвае ўвасабленне шэрагу праектаў, якія могуць палепшыць фінансавае становішча ў гэтай сферы. Так, да 2015 года ўрад збіраецца дамагчыся росту выручкі ад продажу прадукцыі ў два разы, прыбытку — у дзевяць разоў, аб’ёму вытворчасці — на 39-45%. Напрыклад, вытворчасць збожжа павінна складаць 12 млн. тон штогод, цукровых буракоў — 5,5 млн. тон, агародніны — 2 млн. тон, малака — 10,7 млн. тон. Сярэдні заробак працаўнікоў сельгаспрадпрыемстваў павінен падняцца ў 2,7 раза ў параўнанні з 2010 годам і раўняцца 750 далярам.

Валеры Іваноў таксама адзначыў, што пастаўкі экспарту трэба дыверсіфікаваць. Так, за 2010 год больш за 90% такіх паставак прадпрыемстваў мінсельгасхарча ажыццяўлялася ў Расію. У той жа час колькасць краін, куды прадавалі сельгаспрадукцыю, паменшылася з 63 у 2009 годзе да 49 у 2010 годзе.

Как вам новость?