Беларускі парламент адказаў дэпутатам Расіі

08.10.2010 09:26
Архив Редакция

На сумесным пасяджэнні дзвюх палат парламенту Беларусі 7 кастрычніка была прынята заява "аб беларуска-расійскіх адносінах". Старшыня ніжняй палаты Уладзімір Андрэйчанка адзначыў, што неабходнасць такога фармату пасяджэння і прыняцце вынесенай на абмеркаванне заявы "абумоўлена заклапочанасцю падзеямі, якія разгортваюцца ў апошні час з падачы цэнтральных расійскіх СМІ".

Беларускія дэпутаты заклікалі расійскіх калегаў аб’яднаць намаганні і зрабіць усё магчымае для таго, каб ўзаемаадносіны паміж краінамі не выйшлі з канструктыўнага рэчышча, перадае БелТА.

«Мы высока цэнім нашы саюзніцкія адносіны, заўсёды лічылі і лічым нашы народы брацкімі», — гаворыцца ў заяве. Па словах дэпутатаў, цеснае гандлёвае, эканамічнае, фінансавае, культурнае, ваеннае супрацоўніцтва, устаноўленае паміж Беларуссю і Расіяй, спрыяе росту ўзроўню жыцця народаў і забеспячэнню эканамічнай стабільнасці абедзвюх краін. «Мы перакананыя ў неабходнасці і перспектыўнасці пабудовы Саюзнай дзяржавы», — заяўляюць парламентарыі.

Разам з тым, на думку беларускіх дэпутатаў, «выклікае непрыманне кампанія па дыскрэдытацыі кіраўніка беларускай дзяржавы, разгорнутая ў цэнтральных СМІ Расіі». Такія дзеянні наносяць шкоду развіццю дружалюбных адносін паміж краінамі і народамі. «Мы не маем права дапусціць нават найменшай магчымасці страціць усё, што было дасягнута ў будаўніцтве нашага агульнага дома намаганнямі абодвух народаў», — перакананыя парламентарыі.

Дэпутаты таксама выказалі прапановы аб тым, каб да вырашэння сітуацыі, якая склалася ў адносінах Беларусі і Расіі далучыўся Парламенцкі сход Саюзнай дзяржавы.

Как вам новость?