Беларускі віяланчэліст дайшоў да фіналу "Еўрабачанне-2010"

15.05.2010 17:27
Архив Редакция

Васямнаццацігадовы беларускі віяланчэліст Іван Карызна паспяхова прайшоў у фінал XV міжнароднага конкурсу маладых музыкаў "Еўрабачанне 2010" (Eurovision Young Musicians), але не ўвайшоў у лік пераможцаў. Першае месца заняла флейтыстка са Славеніі 16-гадовая Эва-Ніна Козмус.

Пераможца, якая выканала п’есу французскага кампазітара Жака Ібэра, атрымала спецыяльную прэмію ў пяць тысяч еўра. У свае 16 гадоў Эва мае досвед міжнародных выступаў, яна ўжо сталы музыка, перадае БелТА.
Другім прызам конкурсу ўганараваная 16-гадовая скрыпачка з Нарвегіі Гура Клевен-Хаген з варыяцыямі на тэмы твораў Пятра Чайкоўскага. Трэцім стаў 19-гадовы піяніст з Расіі Данііл Трыфанаў, які віртуозна выканаў «Вялікі бліскучы паланэз» Фрыдэрыка Шапэна.
Першапраходцам ад Беларусі на класічным «Еўрабачанні» быў беларус Іван Карызна. Стыпендыят Фонду Співакова скарыў журы і гледачоў бездакорнай віртуознай тэхнікай у спалучэнні з эмацыйнасцю. Іван Карызна выканаў трэцюю частку канцэрта Ёзэфа Гайдна C-dur для віяланчэлі з аркестрам. Музыка выйшаў на конкурсную сцэну перад будынкам мэрыі (Венскай ратушай) пятым. Прамую трансляцыю гэтага канцэрта ўвечар 14 траўня вёў Першы канал. 
Васямнаццацігадовы музыка з Беларусі паспяхова прайшоў у фінал конкурсу з ліку 14 прэтэндэнтаў. Па рашэнні журы, якое ўзначальваецца аўстрыйскім скрыпачом Вернерам Хінкам, фіналістамі сталі прадстаўнікі сямі краінаў: Харватыі, Нарвегіі, Польшчы, Нямеччыны, Беларусі, Славеніі і Расіі. 
Па задуме арганізатараў і заснавальнікаў, фінальны канцэрт міжнароднага конкурсу маладых музыкаў «Еўрабачанне-2010» стаў цырымоніяй адкрыцця знакамітага Венскага фестывалю мастацтваў. Акампанаваў фіналістам конкурсу Сімфанічны аркестр Венскага радыё. Ацэнку выступам маладых талентаў з сямі краінаў давала міжнароднае прафесійнае журы на чале з вугорскім кампазітарам Петэрам Этвешам.

Как вам новость?
Головоломки