Беларуска выйграла на конкурсе "Місіс Сусвет" два тытулы

23.08.2010 08:58
Архив Редакция

Беларуска Васіліна Калугіна не ўвайшла ў лік пераможцаў фіналу «Місіс Сусвет — 2010», але атрымала два тытулы конкурсу. Па словах беларускай удзельніцы, у прыватнасці, у фінале конкурсу ёй была ўручана стужка «Місіс знакамітасць».

«На конкурсе мяне ўспрымалі як блізкага чалавека, — цытуе яе БелаПАН. — Літоўцы вельмі любяць беларусаў, і любое маё з’яўленне на сцэне суправаджалася бурнымі апладысментамі».

Перамагла ж на конкурсе «Місіс Сусвет-2010», які прайшоў у Вільні, прадстаўніца Фінляндыі — студэнтка з Хельсінкі Джэніка Маргарэт Ханусаары, паведамляе БелТА.

25-гадовая фінка, па словах членаў журы, атрымала карону за паспяховую кар’еру і сацыяльную дзейнасць, за шанаванне сямейных каштоўнасцяў, а таксама сардэчнасць і прыгажосць. Сама пераможца адзначыла, што галоўнай каштоўнасцю для яе з’яўляецца сям’я. Яна гадуе трохгадовага сына, вучыцца на факультэце адміністравання бізнэсу, працуе ў міжнароднай кампаніі, якая дапамагае імігрантам адаптавацца ў новай краіне пражывання.

Праект «Місіс Сусвет-2010» доўжыўся 10 дзён, на працягу якіх 22 прэтэндэнткі на карону з розных краін свету не толькі дэманстравалі свае таленты на подыуме, але і развучвалі старадаўнія танцы, удзельнічалі ў прыёмах і дабрачынных акцыях. Яны таксама прынялі ўдзел у дыскусіі на тэму «Жанчыны свету супраць гвалту ў сям’і і гандлю людзьмі». У падпісанай дэкларацыі ўдзельніцы конкурсу заклікалі жанчын свету, а таксама арганізацыі, якія працуюць у сферы прыгажосці, далучыцца да барацьбы супраць гвалту і гандлю людзьмі.

27-гадовая Васіліна Калугіна ў мінулым годзе прыняла ўдзел у конкурсе «Місіс свету — 2009».

Как вам новость?
Головоломки