Беларуска заваявала золата на чэмпіянаце свету па веславанні

25.07.2010 14:11
Архив Редакция

25 ліпеня беларуска Алена Крывашэенка заваявала залаты медаль на чэмпіянаце свету па акадэмічным веславанні сярод спартсменаў ва ўзросце да 23 гадоў, які праходзіць у Берасці. Выступала яна ў жаночай лёгкай адзіночнай гонцы.

Першы медаль для Беларусі заваявалі 24 ліпеня Таццяна Кухто і Кацярына Шлюбская, якія атрымалі срэбра ў парных двойках, перадае БелТА. 
Таксама тры беларускія жаночыя экіпажы, сярод іх адзіночка і васьмёрка з рулявым, атрымалі права пазмагацца за медалі ў фіналах А. Беларускія мужчынскія экіпажы прабіцца ў фінал не змаглі. 
25 ліпеня — другі і апошні дзень спаборніцтваў. У ходзе яго спартсмены разыграюць 15 камплектаў узнагарод. Усяго ў Берасце прыбыло каля 900 спартсменаў з 58 краін. Арганізатарамі чэмпіянату выступілі Міжнародная федэрацыя акадэмічнага веславання (FISA), Беларуская федэрацыя веславання, міністэрства спорту і турызму Беларусі, Берасцейскія гарадскі і абласны выканаўчыя камітэты. 
Таксама беларусы вызначыліся і на іншых спартыўных спаборніцтвах. Так Аляксандр Ліннік заваяваў срэбра на юніёрскім чэмпіянаце свету па лёгкай атлетыцы ў канадскім Монктане. Ён прабег дыстанцыю ў 200 метраў за 20,89 секунды, адстаўшы ад пераможцы японца Шота Ізука на 20 сотых секунды, перадае Першы канал беларускага тэлебачання. 
А Юлія Дравазюк на юніёрскім чэмпіянаце свету па барацьбе ў Будапешце стала ўладальніцай бронзавага медаля ў вагавой катэгорыі да 72 кілаграмаў. У паядынку за трэцяе месца яна перамагла турчанку. У атлетаў грэка-рымскай барацьбы лепшым з беларусаў стаў Кірыл Грышчанка, які заняў пятае месца.

Как вам новость?