Беларуская апазіцыя гатовая абвесціць байкот выбараў

11.04.2011 17:07
Архив Редакция

Нацыянальная каардынацыйная рада дэмакратычнай апазіцыі Беларусі 11 красавіка выступіла з заявай "Аб умовах удзелу дэмакратычных сілаў Беларусі ў выбарчых кампаніях". Акрамя таго, дэмакратычная апазіцыя Беларусі пакідае за сабой права праводзіць кампанію байкоту любых выбарчых кампаній у краіне, пакуль беларускія ўлады не выканаюць шэраг умоваў.

Прадстаўнікі дэмакратычных сіл Беларусі, «выказваючы волю народа Беларусі да незалежнасці, свабоды і вяршэнства права», канстатуюць, што прэзідэнцкія выбары 2010 года прайшлі са шматлікімі парушэннямі і фальсіфікацыямі, а ўлада, «сфармаваная ў выніку так званых выбараў», не з’яўляецца легітымнай, перадае сайт АДС.

«Татальныя рэпрэсіі, пачатыя 19 снежня, нясуць пагрозу грамадству і самому існаванню Беларусі як незалежнай дзяржавы. Існуючы рэжым, загнаў сябе ў эканамічны і геапалітычны тупік, зрабіў закладнікамі сваёй безадказнай палітыкі ўсё грамадства і краіну», — гаворыцца ў заяве.

Каардынацыйная рада дэмакратычнай апазіцыі запатрабавала, каб «народу Беларусі было вернута права фармаваць ўладу ў сваёй краіне праз свабодныя, дэмакратычныя і справядлівыя выбары».

«Гэта стане магчымым толькі ў выпадку вызвалення ўсіх палітычных зняволеных, спынення пераследу і рэпрэсій, забеспячэння канстытуцыйных правоў грамадзян на свабоду слова, сходаў і асацыяцый, унясення істотных зменаў у заканадаўства і практыку правядзення выбараў», — гаворыцца ў заяве.

Как вам новость?