Беларускія артысты едуць пакараць Галівуд

14.07.2010 12:50
Архив Редакция

Каманда беларускіх артыстаў прыме ўдзел у Сусветным чэмпіянаце выканаўчых мастацтваў, які пройдзе ў Галівудзе (Лос-Анджалес, ЗША) з 17 па 25 ліпеня. Пра гэта на прэс-канферэнцыі 13 ліпеня ў Мінску паведаміла кіраўніца беларускай каманды Маргарыта Корзун.

Па яе словах, Беларусь на конкурсе прадставяць лаўрэаты і дыпламанты міжнародных творчых конкурсаў. Яны выступяць у трох асноўных катэгорыях конкурсу: вакал — Пётр Ялфімаў (Мінск) і Дыяна Громава (Гомель), танец — ансамбль «Палеская зорачка» (Мазыр) і інструментальная музыка — баяніст Павел Неўмяржыцкі (Мінск). Кожны з беларускіх канкурсантаў выступіць у некалькіх намінацыях чэмпіянату. Пры гэтым у паўфінале кожнаму ўдзельніку на выступленне даецца толькі хвіліна, адзначае БелаПАН.

Як расказала Корзун, на чэмпіянаце існуе каля 60 намінацыяў у васьмі узроставых катэгорыях. Канкурсанты спаборнічаюць за залатыя, срэбныя і бронзавыя медалі і за галоўныя ўзнагароды — тытулы «Гранд-чэмпіён свету», якіх ўручаецца толькі два — у старэйшай і малодшай узроставай катэгорыі. Акрамя гэтага, на чэмпіянаце разыгрываюцца гранты на навучанне ў прэстыжных школах танца, кіно і тэлебачання ЗША. У мінулым годзе заяўкі на ўдзел у чэмпіянаце накіравала больш за 75 тыс. выканаўцаў з 50 краін.

Як пажартаваў Павел Неўмяржыцкі, «якая б не здарылася накладка — з дыскам, з апаратурай, адключылі электрычнасць — што заўгодна, Пеця (Ялфімаў) заўсёды можа праспяваць пад баян».

«Верагодна, трэба пачаць з таго, што мы ўжо на сябе звярнулі ўвагу, раз мы туды едзем, — заўважыў Пётр Ялфімаў. — Я лічу, не трэба нікога нічым здзіўляць, гэта ў нас яшчэ рэшткавая з’ява ад «Еўрабачання» — усе чамусьці задаюць адное і тое ж пытанне: чым будзем здзіўляць?» Спявак паведаміў, што будзе выступаць у пяці намінацыях — выканае арыі Ленскага з оперы «Яўген Анегін» і Ісуса Хрыста з рок-оперы «Ісус Хрыстос — суперзорка», хіт легендарнай групы «дып Пёрпл», беларускую песню «Зачараваная» і ўласную песню на ангельскай мове.

Дыяна Громава заявілася праспяваць ў трох намінацыях, а Павел Неўмяржыцкі паведаміў, што мае намер выканаць сусветныя хіты — «рэчы лёгкія, віртуозныя, яркія». «Улічваючы, што выступ доўжыцца адну хвіліну, — падзяліўся ён, — за гэтую хвіліну трэба цалкам сябе раскрыць і паказаць».

Сусветны чэмпіянат выканаўцаў пройдзе ў ЗША 14-ы раз. Жыхары Беларусі могуць убачыць фінал чэмпіянату ў онлайн-трансляцыі на сайце www.wcopa.tv. Акрамя ўдзелу ў чэмпіянаце беларуская каманда плануе правесці творчыя сустрэчы з беларускай, польскай, рускай дыяспарамі, а таксама шэраг сустрэчаў з агентамі, прадзюсарамі і прадстаўнікамі шоў-індустрыі з мэтай прасоўвання беларускіх выканаўцаў. Паездка на чэмпіянат беларускай каманды аплочваецца за кошт асабістых сродкаў удзельнікаў і спонсарскай дапамогі, сказала Корзун.

Как вам новость?
Головоломки