Беларускія аўтадылеры знайшлі спосаб ўвозу ў РФ танных іншамарак

08.09.2010 14:03
Архив Редакция

Беларускія аўтадылеры знайшлі спосаб увозіць у Расію танныя іншамаркі. Па словах экспертаў, уся справа ва ўказе прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі ад 24 лістапада 2005 года № 546, паводле якога ПДВ у 20% налічваецца толькі на розніцу паміж закупачнай і адпускной цаной аўтамабіля. А ў Расіі ПДВ у 18% налічваецца на поўны раздробны кошт аўтамабіля.

Такім чынам, як пацвярджаюць топ-мэнэджары трох беларускіх афіцыйных дылераў, розніца ў ПДВ атрымліваецца істотнай. Чым даражэйшы новы аўтамабіль, тым, натуральна, выгадней купляць яго ў Беларусі, гавораць эксперты, перадаюць «Ведомости».

Перад запускам Мытнага саюза расійскія чыноўнікі заяўлялі, што не дапусцяць ўвозу ў Расію танных іншамарак з Беларусі, у якой пошліны на імпарт аўтамабіляў былі ніжэйшыя, чым у Расіі. Аднак з 1 студзеня гэтага года для юрыдычных асобаў яны былі павышаныя да ўзроўню расійскіх, а для фізічных засталіся на ранейшым узроўні.

Расійскія дылеры асцерагаліся, што фізасобы ўвязуць у Беларусь вялікую колькасць аўтамабіляў для перапродажу. Яны так і паступілі: па дадзеных Нацыянальнага статыстычнага камітэту Беларусі, за першае паўгоддзе гэтага года грамадзяне імпартавалі ў Беларусь каля 113,8 тыс. іншамарак, што на 60% больш, чым у той жа перыяд мінулага года. Аднак і гэты момант быў улічаны: расійскі бок абмовіўся, што, калі аўтамабіль ўвезены ў Беларусь фізасобай па нізкай пошліне, пры ўвозе ў Расію трэба даплаціць розніцу.

Разам з тым, паводле ліста Федэральнай мытнай службы Расіі ад 19 ліпеня 2010 № 01-11/35237 ў Расію можна бяспошлінна ўвозіць патрыманыя аўтамабілі, калі ў Беларусь яны былі ўвезеныя да 1 студзеня 2010 году (і адпавядаюць нормам «Еўра-4»). Аднак, як лічыць адзін з кіраўнікоў беларускага дылерскага цэнтру, гэта не тыя аб’ёмы, якія могуць паўплываць на расійскі рынак. Па словах эксперта, у канцы мінулага года ў Беларусь паспелі завезці для перапродажу ў Расіі ўсяго некалькі тысяч машын, асноўны паток пайшоў пасля Новага года.

Новыя аўтамабілі, размытненыя ў Беларусі юрасобай (напрыклад, афіцыйным дылерам), можна ўвозіць у Расію ўвогуле без абмежаванняў — і, як аказалася, гэта вельмі выгадна (з улікам указу прэзідэнта Беларусі ад 24 лістапада 2005 года № 546).
З улікам ПДВ самі дылеры ў выніку плоцяць дзяржаве прыкладна аднолькавую суму (расійскія атрымліваюць потым вылік). Аднак пакупнікі аддаюць беларускай дзяржаве істотна менш, чым расійскай, тлумачыць кіраўнік партнёр мінскага офісу юрфірмы Magisters Дзяніс Туравец.

Да прыкладу, машына адпускным коштам у 10 тыс. даляраў пры пошліне ў 30%, дылерскай маржы ў дзве тысячы даляраў і супастаўных падатковых плацяжах у Расіі будзе каштаваць 17,7 тыс. даляраў, а ў Беларусі 15,4 тыс. даляраў, падлічыў партнёр Goltsblat BLP Уладзімір Чыкін.

Розніца ў ПДВ істотна адбілася на цане аўтамабіляў у Беларусі і Расіі

У сваю чаргу, як паведаміў чыноўнік міністэрства па падатках і зборах Беларусі, асаблівы парадак налічэння ПДВ ўвялі ў Беларусі ў 2005 годзе, каб падтрымаць дылераў: ім было складана канкураваць з аўтамабілямі, увезенымі фізічнымі асобамі, якія ПДВ не плацяць.

Аднак розніца ў ПДВ апынулася істотнай. Напрыклад, па словах экспертаў, Volkswagen Touareg з дызельным рухавіком 4,8 літры ў маскоўскім салоне групы «Атлант-М» каштуе каля 73,7 тыс. еўра (базавая камплектацыя), а ў менскім цэнтры гэтай жа кампаніі — прыкладна на 8,6 тыс. еўра менш. Да прыкладу, BMW X6 xDrive35i ў мінскай «Баварыі мотарс» стаіць 60,6 тыс. еўра, што прыкладна на 18,8 тыс. еўра ніжэй за кошт гэтай мадэлі ў расійскіх дылераў. Porsche Cayenne Turbo ў Беларусі прыкладна на 60 тыс. еўра таннейшы, чым у Расіі, дзе гэты аўтамабіль каштуе ад 177,2 тыс. еўра.

«Мы адчулі цікавасць расійскіх пакупнікоў да нашых машынаў, але пакуль тыя з іх, хто вырашыў купіць аўтамабіль, рызыкуюць. Яшчэ не вядома ні аднаго выпадку пастаноўкі на ўлік у Расіі новага аўтамабіля, набытага ў дылераў Беларусі», — кажа адзін з дылераў. Калі прэцэдэнт будзе створаны, колькасць пакупнікоў з Расіі вырасце, спадзяецца эксперт. Але канкурэнцыі расійскім дылерам гэты паток адразу не складзе, упэўнены дылер. Па яго словах, за першае паўгоддзе 2010 года дылеры завезлі ў Беларусь усяго 6 тыс. аўтамабіляў — у чатыры разы менш, чым за той жа перыяд 2009 года, калі пошліны былі ніжэйшыя.

Да розніцы коштаў з-за ПДВ не прычэпішся, лічыць супрацоўнік расійскага ведамства, што ўдзельнічае ў выпрацоўцы мытнай палітыкі, бо яна фармуецца за кошт падатку на машыны, які Беларусь усталёўвае самастойна. «Гэта вельмі добрая магчымасць купіць машыну ў Беларусі танней, у Расіі машыны занадта дарагія», — адзначае расійскі чыноўнік.

Как вам новость?
Головоломки