Беларускія дэпутаты сумняюцца ў законнасці прымянення "карты паляка"

22.02.2011 15:30
Архив Редакция

Дэпутаты пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па міжнародных справах і сувязях з СНД ініцыявалі зварот у Канстытуцыйны суд Беларусі з тым, каб вызначыць, ці адпавядае польскі закон "Аб карце паляка" прынцыпам і нормам міжнароднага права. На думку старшыні камісіі Ігара Карпенкі, "дадзены закон супярэчыць прынцыпам добрасуседства і ўзаемнай павагі паміж дзяржавамі".

Рэкамендацыі па звароце ў Канстытуцыйны суд беларускія дэпутаты накіравалі ў Палату прадстаўнікоў Беларусі. Дадзеную прапанову дэпутаты плануюць абмеркаваць на паседжанні пазачарговай сэсіі парламенту 23 лютага, перадае БелТА.

Ігар Карпенка нагадаў, што закон аб карце паляка, які распаўсюджваецца на ўсе былыя рэспублікі СССР, уступіў у сілу ў сакавіку 2008 года. Па словах кіраўніка камісіі Палаты прадстаўнікоў, закон быў прыняты без уліку меркавання беларускага боку і ў першую чаргу арыентаваны на польскую меншасць у Беларусі, Расіі, Украіне.

Па дадзеных на 17 сакавіка 2010 года, карту паляка атрымалі больш за 14,5 тыс. беларусаў. Разам з тым, на думку Ігара Карпенкі, закон аб карце паляка «носіць дыскрымінацыйны характар», бо ён фактычна падзяляе грамадзян адной дзяржавы на ўладальнікаў карты паляка, якія атрымалі права на льготы, і тых, каму не ўдалося гэтага зрабіць праз невыкананне нейкіх працэдураў.

Ігар Карпенка паведаміў, што ў Палату прадстаўнікоў рэгулярна звяртаюцца грамадзяне і грамадскія арганізацыі з просьбай растлумачыць, наколькі правамерная выдача карты паляка. У прыватнасці, пытанні ўзнікаюць з нагоды анулявання карты паляка.

Адной з падстаў для анулявання дакумента з’яўляецца здзяйсненне ўладальнікам карты паляка дзеянняў, якія ганьбяць Польшчу ці палякаў, а таксама дзеянняў у шкоду базавым інтарэсам Польшчы. «Такім чынам, грамадзянін Беларусі абавязаны ў сваіх дзеяннях кіравацца інтарэсамі іншай дзяржавы, а не сваёй краіны. Хіба гэта не ўмяшанне ва ўнутраныя справы суверэннай дзяржавы? Хіба гэта не падрыў сітуацыі знутры?» — адзначыў парламентарый.

Карпенка: Беларусь не можа дазволіць распальваць міжнацыянальную варожасць

«Беларусь — шматнацыянальная краіна, дзе пражывае больш за 140 нацыянальнасцяў, і наша палітыка ў галіне нацыянальных адносін заключаецца ў тым, каб стварыць роўныя камфортныя адносіны для тых, хто пражывае незалежнасці ад нацыянальнасці. Мы не можам дазволіць сабе распальваць міжнацыянальную, міжканфесійную варожасць, якая, дарэчы, можа ўзнікнуць у выніку прымянення гэтага закона, які дзеліць палякаў на сваіх і чужых», — адзначыў Ігар Карпенка.

У сваю чаргу намеснік старшыні камісіі Марыя Бірукова звярнула ўвагу на неадпаведнасць польскага закона многім міжнародным дакументам, у тым ліку Парыжскай хартыі для новай Еўропы 1990 года, дакументам Капенгагенскай нарады Канферэнцыі па чалавечым вымярэнні 1990 года, а таксама дамове, падпісанай паміж Беларуссю і Польшчай у 1992 годзе аб добрасуседстве і прыязным супрацоўніцтве. Паводле дадзеных дакументаў кожны грамадзянін мае права самастойна вызначаць сваю прыналежнасць да нацыянальнай меншасці, сваю нацыянальнасць без фіксавання гэтых дадзеных у якім-небудзь дакуменце. Акрамя таго, Канстытуцыяй Беларусі кожнаму грамадзяніну любой нацыянальнасці гарантуюцца роўныя палітычныя, эканамічныя, сацыяльныя правы і свабоды. Карта паляка, на думку намесніка старшыні камісіі, парушае і гэтыя правы.

Неправамерным беларускія дэпутаты лічаць таксама і той факт, што для атрымання карты паляка для асобаў іншай нацыянальнасці неабходна атрымаць пэўную даведку грамадскай арганізацыі, якая дзейнічае на тэрыторыі Беларусі, якая пацвердзіць, што дадзены грамадзянін актыўна ўдзельнічае ў дзейнасці арганізацыі на карысць мовы, культуры і нацыянальнай меншасці Польшчы.

«Хто вызначае, якая арганізацыя дасць такую даведку? Старшыня ўрада Польшчы. Якая арганізацыя вызначаная ў Беларусі? Незарэгістраваны нелегітымны саюз палякаў. Хаця па беларускім заканадаўстве грамадскія арганізацыі не маюць права выдаваць даведкі», — заявіла Марыя Бірукова.

Яна патлумачыла, што ў цяперашні час карту паляка выдаюць консульскія ўстановы, нягледзячы на тое, што яны не маюць права выдаваць якія-небудзь дакументы грамадзянам краіны знаходжання, акрамя візы.

Как вам новость?
Головоломки