Беларускія ўлады дазволілі свабодны ўезд у зону адсялення

21.04.2011 10:54
Архив Редакция

Улады дазволілі з 30 красавіка па 3 траўня ўезд для памінання памерлых сваякоў на могілкі, якія знаходзяцца ў зоне адсялення і адчужэння Гомельскай вобласці, без пропускаў з абавязковай рэгістрацыяй на кантрольна-прапускных пунктах. Знаходзіцца ў дадзеных рэгіёнах дазволена да 17:00. Пра гэта паведамілі ў аддзел інфармацыі і грамадскіх сувязяў УУС Гомельскага аблвыканкама.

Гомельская міліцыя нагадвае, што пры знаходжанні на забруджаных радыяцыяй тэрыторыях варта выконваць правілы бяспекі. У прыватнасці, неабходна прымяняць марлевыя павязкі і пальчаткі пры добраўпарадкаванні магіл, па сканчэнні працы дбайна ачысціць ад пылу верхнюю вопратку, а адкрытыя ўчасткі цела вымыць прывезенай з сабой вадой. Акрамя таго, у міліцыі нагадалі аб неабходнасці строгага выканання мер пажарнай бяспекі, а таксама параілі надаваць асаблівую ўвагу дзецям, знаходжанне якіх на забруджанай тэрыторыі асабліва небяспечна для іх здароўя, перадае БелаПАН.

Японія перадасць Беларусі мабільныя лабараторыі

Выканаўчы дырэктар тэхнічнага сакратарыята Камітэту па супрацоўніцтве ў галіне нераспаўсюджання ядзернай зброі Японіі Сасакі Хадзіме 25 красавіка ў Мінску ў рамках праекту «Мадэрнізацыя сістэмы процідзеяння незаконнаму абарачэнню ядзерных і радыеактыўных матэрыялаў на Дзяржаўнай мяжы Рэспублікі Беларусь» (РАДБЕЛ) перадасць чатыры мабільныя лабараторыі Дзяржаўнаму памежнаму камітэту Беларусі і спецыялізаванага класа радыяцыйнай бяспекі — Інстытуту памежнай службы.

Праект, які быў падпісаны 2 ліпеня 2010 года і бюджэт якога складае мільён даляраў, прадугледжвае «стварэнне рухомай радыёметрычнай лабараторыі, мабільных лабараторый аператыўна і аператыўна-стратэгічнага рэагавання на факты незаконнага абарачэння ядзерных і радыеактыўных матэрыялаў на мяжы, абсталяванне пунктаў спрошчанага пропуску, пагранічных катараў і авіяцыі, а таксама падраздзяленняў па ахове «зялёнай» мяжы сучаснымі прыборамі радыяцыйнага кантролю». Тэрмін яго рэалізацыі мінае 13 ліпеня 2011 года, паведамілі ў ДПК Беларусі.

Японская дэлегацыя таксама мае намер наведаць Пінскі пагранатрад, дзе азнаёміцца з работай мабільных лабараторый, арганізацыяй радыяцыйнага кантролю ў пунктах пропуску, уключаючы памежныя водныя аб’екты, а таксама з рэгіянальным пунктам рэагавання на радыяцыйныя інцыдэнты, створаныя у рамках рэалізацыі Праекту РАДБЕЛ.

Как вам новость?