Беларускія псіхолагі будуць адгаворваць жанчын ад абортаў

11.05.2011 10:05
Архив Редакция

У Мінску будзе рэалізоўвацца пілотны праект міністэрства аховы здароўя і рэлігійных арганізацый па прафілактыцы абортаў. Як распавёў 10 траўня галоўны акушэр-гінеколаг Міністэрства аховы здароўя Аляксандр Барсукоў, тры-чатыры разы на тыдзень у шасці жаночых кансультацыях Мінску з жанчынамі, якія плануюць перапыніць цяжарнасць, будуць гутарыць псіхолагі.

«Часам жанчына аказваецца перад выбарам у сілу складаных жыццёвых абставінаў. Напрыклад, калі яна не можа разлічваць на дапамогу бацькі дзіцяці ў яго выхаванні. У такой сітуацыі неабходная дапамога спецыялістаў», — адзначыў Аляксандр Барсукоў.

Паводле слоў спецыяліста, у рамках праекту таксама будзе праведзена навучанне сярэдняга медыцынскага персаналу правілам зносін з пацыенткамі, якія стаяць перад выбарам захаваць дзіця або не. «Праца спецыялістаў будзе пабудавана так, што на жанчын не стануць аказваць ціск, а толькі дадуць неабходную інфармацыю аб негатыўных наступствах перапынення цяжарнасці для здароўя», — сказаў Аляксандр Барсукоў, перадае БелаПАН.

«Калі хаця б 20% жанчын, якія думаюць пра тое, зрабіць аборт ці не, пакінуць дзіця, гэта будзе вялікім дасягненнем і ўнёскам у дэмаграфічную палітыку нашай краіны ў галіне павелічэння нараджальнасці», — адзначыў галоўны акушэр-гінеколаг Міністэрства аховы здароўя.

Аляксандр Барсукоў падкрэсліў, што на працягу апошніх гадоў колькасць спаронаў у Беларусі памяншаецца. Па дадзеных Міністэрства аховы здароўя, за апошнія 15 гадоў іх колькасць скарацілася ў 5 разоў. У цяперашні час на 100 родаў прыпадае каля 38 абортаў, а ў 1993 годзе колькасць спаронаў амаль у два разы перавышала колькасць родаў.

Как вам новость?