Беларускія школы ў Польшчы і Літве атрымалі дапамогу ад Беларусі

02.09.2010 15:25
Архив Редакция

Беларускія ўлады аказалі дапамогу беларускім школам Польшчы і Літвы ў сувязі з надыходам новага навучальнага года. Так, усе першакласнікі беларускай гімназіі ў Бельску-Падляскім (Польшча) атрымалі кнігу "Мая Радзіма Беларусь". «Гэта напамін аб іх каранях, аб Радзіме іх бацькоў. Гэта, я сказаў бы, і нават пэўны стымул для вывучэння беларускай мовы», — заявіў амбасадар Беларусі ў Польшчы Віктар Гайсёнак.

Значны падарунак атрымалі і вучні беларускай школы ў сталіцы Літвы Вільні. Школа, якая знаходзіцца пад патранажам Мінгарвыканкама, атрымала новае абсталяванне для лінгафоннага кабінету, у ёй з’явіліся два камп’ютарныя класы і новы аўтобус. Акрамя таго, першакласнікі атрымалі ў падарунак заплечнікі і кнігі. Усё гэта дзецям прывезлі з Мінску, паведамляе тэлеканал СТВ.

«За мінулыя два гады Мінгарвыканкам вылучыў агулам 500 тыс. даляраў на ўмацаванне матэрыяльнай базы — гэта разумная і мудрая палітыка ў дачыненні да нацыянальных школ, як відаць на прыкладзе нашай школы ў Вільні», — заявіў амбасадар Беларусі ў Літве Уладзімір Дражын.

Акрамя таго, як ужо паведамляў Тэлеграф, 30 жніўня беларускія ўлады ў асобе міністра адукацыі Аляксандра Радзькова перадалі беларускай школе ў Рызе дапамогу: новыя парты, падручнікі, камп’ютары, спартовы інвентар і аўтобус. Таксама стала вядома, што ў сталіцы Эстоніі Таліне з’явіцца беларуская нядзельная школа імя Уладзіміра Караткевіча.

Как вам новость?
Головоломки