Беларускія сілавікі абшукалі кватэру Някляева

14.01.2011 14:56
Архив Редакция

Каля 10:30 14 студзеня прадстаўнікі беларускіх сілавых ведамстваў пачалі праводзіць ператрус у кватэры, у якой пражывае экс-кандыдат у прэзідэнты Беларусі, паэт Уладзімір Някляеў з жонкай Вольгай. Пра гэта паведамілі ў прэс-службе былога прэтэндэнта на пасаду кіраўніка дзяржавы. Ператрус праходзіў паўгадзіны, па яго завяршэнні нічога канфіскавана не было.

Таксама ператрусы праходзяць у актывістаў узначаленай Уладзімірам Някляевым кампаніі «Гавары праўду!» (ГП). У прыватнасці, праваахоўнікі прыйшлі да Радзівона Бязлюдавя, у якога канфіскавалі камп’ютар, карткі памяці, узоры агітацыйнай прадукцыі і кнігі паэта, і Ігара Віннікава.

Прайшоў ператрус і ў каардынатара выбарчага штаба Уладзіміра Някляева Алега Ладуцькі, перадае «Наша Ніва». Таксама прайшлі ператрусы ў каардынатара ГП ў Мінску Сяргея Клюева, а таксама ў кватэры члена кампаніі «Гавары праўду!» Андрэя Шаўчука, у якога канфіскавалі некалькі сцягоў і шалікаў кампаніі, а яго самога забралі на допыт.

Днём раней, 13 студзеня прайшоў ператрус у кватэры яшчэ аднаго актывіста ГП Ігара Каваленкі, які з 19 снежня знаходзіцца за мяжой. Па словах жонкі апазіцыянера, ператрус праваахоўнікі аргументавалі яго ўдзелам у акцыях пратэстах у дзень прэзідэнцкіх выбараў. Яны канфіскавалі ўсе паперы з працоўнага стала Ігара Каваленкі, крэдытныя карткі, візітоўкі, паведамляе беларуская служба Радыё «Свабода».

Акрамя таго, супрацоўнікі КДБ правялі ператрус з канфіскацыяй у віцебскага актывіста ГП Сяргея Парсюкевіча, у якога забралі сістэмны блок камп’ютара і некалькі агітацыйных улётак за Уладзіміра Някляева і Андрэя Саннікава. Прычым спачатку, па словах актывіста, у яго папрасілі здаць наркотыкі і зброю. Актывіст таксама паведаміў, што 19 снежня ён не быў у Мінску, пра што павінна быць вядома КДБ, паколькі ў гэты дзень яго на вакзале затрымалі міліцыянты, абвінаваціўшы спачатку ў забойстве, а потым у рабаванні.

У той жа дзень у Гарадку (Віцебская вобласць) супрацоўнікі КДБ прыйшлі з ператрусам да мясцовага кіраўніку Партыі БНФ Леаніда Аўтухова, які збіраў подпісы за Уладзіміра Някляева. Таксама ў Асіповічах (Магілёўская вобласць) без працы застаўся сябра ініцыятыўнай групы Уладзіміра Някляева Ігар Трэшчаў. Паводле яго слоў, яго звольнілі праз удзелу ў перадвыбарнай кампаніі апазіцыйнага кандыдата, кіраўніцтва ж прадпрыемства прычынай звальнення называе вытворчую неабходнасць, перадае БелаПАН.

Праваабаронцы далі 350 даляраў штрафу

Таксама стала вядома, што праваабаронцу з грамадзянскай кампаніі «Наш дом» Крысціну Шацікаву суд Партызанскага раёна горада Мінску пакараў штрафам у памеры 1,05 млн. рублёў (350 даляраў) за ўдзел у несанкцыянаваным мітынгу 19 снежня. Суд прайшоў без актывісткі яшчэ 31 снежня, аб яго выніках ёй паведамілі ў лісце. Як распавяла Крысціна Шацікава, пратакол аб адміністрацыйным правапарушэнні, у якім пра яе гаворыцца ў асноўным як пра мужчыну, падпісалі супрацоўнікі міліцыі.

Таксама 13 снежня супрацоўнікі КДБ правялі ператрус у наваполацкай знаёмай даверанай асобы Андрэя Саннікава Віктара Калеснікава, які жыве ў Полацку. З кватэры яны забралі два ноўтбукі і дыскі, самога ж актывіста выклікалі 14 студзеня на допыт у наваполацкі КДБ.

Прайшоў ператрус і ў даверанай асобы экс-кандыдата Дзмітрыя Уса Алены Фаміной, якая пражывае ў Віцебску. Нягледзячы на тое, што 19 снежня яна была ў родным горадзе назіральнікам на выбарах, па справе яна праходзіць як «сведка масавых беспарадкаў у Мінску». У Алены Фаміной канфіскавалі сістэмны блок камп’ютара, ноўтбук, флэшкі і дыскі. Акрамя таго, яе выклікалі на допыт у КДБ.

Між тым у Бабруйску супрацоўнікі камітэту дзяржбяспекі дапыталі старшыню Свабоднага прафсаюза Беларускага Міхаіла Кавалькова, які быў арыштаваны на дзесяць сутак за ўдзел у мітынгу 19 снежня. А ў Гомелі суд Цэнтральнага раёна горада асудзіў каардынатара аргкамітэту па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» Канстанціна Жукоўскага на восем сутак арышту за нецэнзурную лаянку каля абласнога аддзялення КДБ. Актывіст адзначыў, што ён здымаў на відэа, як на допыты ў КДБ прыходзілі людзі, калі ж да яго падышлі праваахоўнікі, ён выказаў сваю пазіцыю ў адносна гісторыі стварэння КДБ.

Акрамя таго, 13 снежня ў Рагачове (Гомельская вобласць) сілавікі правялі ператрус у яшчэ аднаго члена БХД Дзяніса Дашкевіча. Сёння, 14 студзеня, у дачыненні да яго павінен прайсці суд па справе аб збіцці сына мясцовага чыноўніка 11 снежня 2010 года, якая была распачата толькі 21 снежня і якую сам актывіст лічыць сфабрыкаванай, перадае прэс-служба БХД.

Таксама стала вядома аб паўторным затрыманні мінчука Дзмітрыя Буланава, які ўжо адбыў тэрмін за падзеі 19 снежня. Як паведамляецца, у адказ на тэлефонны выклік на допыт у КДБ, ён папрасіў афіцыйную позву.

Беларускіх журналістаў аб’яўляюць сведкамі масавых беспарадкаў

Старшыня Беларускай асацыяцыі журналістаў Жанна Літвіна і яе намесніца Марына Коктыш, пасля допыту, які прайшоў 13 студзеня ў КДБ, даведаліся, што з’яўляюцца сведкамі па справе аб масавых беспарадках у Мінску 19 снежня. Таксама 12 студзеня ў КДБ дапыталі яшчэ аднаго намеснік старшыні БАЖ Андрэя Бастунца, на 14 студзеня прызначаны допыт чарговага намесніка кіраўніка асацыяцыі Аліны Суравец. Пра гэта паведамілі ў прэс-службе БАЖ.

Між тым 13 студзеня невядомыя, узламаўшы замок, правялі паўторны ператрус у кватэры супрацоўніцы тэлеканала «Белсат» Кацярыны Ткачэнкі. Самой журналісткі дома не было. Тады ж адбыўся ператрус у мінскай кватэры сястры гарадзенскага аддзялення «Белсата» Ірыны Чарняўкі, якая спыняецца ў яе па прыездзе ў сталіцу. Пасля ператрусу журналістку на допыт павезлі ў КДБ, дзе цікавіліся ў асноўным працай тэлеканала.