Беларускія спецыялісты вывучылі досвед Даніі па супрацьдзеянні гандлю людзьмі

11.10.2010 16:36
Архив Редакция

З 3 па 8 кастрычніка ў рамках сумеснага праекту Еўрапейскага Саюза, Праграмы развіцця ААН і Дзіцячага Фонду ААН (ЮНІСЭФ) «Папярэджанне, барацьба і мінімізацыя сацыяльных наступстваў у галіне гандлю людзьмі ў Рэспубліцы Беларусь» адбыўся азнаямленчы візіт у Данію для прадстаўнікоў беларускіх дзяржаўных і грамадскіх арганізацый, якія ажыццяўляюць дзейнасць па процідзеянні гандлю людзьмі. Аб гэтым карэспандэнту Тэлеграфа паведамілі ў прадстаўніцтве ПРААН у Беларусі.

Мэтай візіту было азнаямленне з досведам працы няўрадавых арганізацый і праваахоўных органаў Даніі па прафілактыцы і процідзеянні гандлю людзьмі, а таксама аказанні сацыяльнай дапамогі пацярпелым.

У склад удзельнікаў паездкі ўвайшлі прадстаўнікі міністэрства ўнутраных спраў, міністэрства адукацыі, міністэрства працы і сацыяльнай абароны, Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа.

У ходзе візіту адбыліся працоўныя сустрэчы з прадстаўнікамі Дацкага Чырвонага Крыжа, Міжнароднай федэрацыі Чырвонага Крыжа і Чырвонага Паўмесяца, Цэнтра па процідзеянні гандлю людзьмі, Цэнтра прыёму бежанцаў, прытулку для жанчын, якія пацярпелі ад жорсткага абыходжання і гандлю людзьмі. Беларускія спецыялісты змаглі падрабязна азнаёміцца з сістэмай сацыяльных і рэабілітацыйных паслуг для пацярпелых ад гандлю людзьмі, якія аказваюцца пры падтрымцы дзяржавы. Асаблівая ўвага была нададзена вывучэнню досведу працы дацкай паліцыі па выяўленні ахвяр гандлю людзьмі і аказанні сацыяльнай дапамогі гэтай катэгорыі грамадзян.

У рамках візіту таксама адбылася сустрэча з прадстаўнікамі Рады міністраў Паўночных Краін, падчас якой удзельнікі абмеркавалі бягучыя тэндэнцыі і меры, якія прымаюцца па супрацьдзеянні гандлю людзьмі ў Беларусі, у краінах Паўночнай Еўропы і на ўзроўні Еўрапейскага Саюза.

Гэты візіт па вывучэнні перадавога еўрапейскага досведу ў сферы процідзеяння гандлю людзьмі стаўся адзінаццатым па ліку ў рамках праекту. Раней праектам былі арганізаваныя азнаямленчыя паездкі для беларускіх спецыялістаў у Вялікабрытанію, Германію, Ізраіль, Літву, Малдову, Швецыю і Эстонію.

Да ведама: Праект «Папярэджанне, барацьба і мінімізацыя сацыяльных наступстваў у галіне гандлю людзьмі ў Рэспубліцы Беларусь» накіраваны на ўзмацненне нацыянальных магчымасцяў па процідзеянні гандлю людзьмі шляхам рэалізацыі прафілактычных мерапрыемстваў, удасканалення абароны і рэабілітацыі пацярпелых. Фінансаванне праекту ў памеры 1 334 550 еўра прадастаўлена Еўрапейскім Саюзам, ПРААН і ЮНІСЭФ. Рэалізацыя праекту ажыццяўляецца Прадстаўніцтвам ПРААН у Беларусі сумесна з міністэрствам унутраных спраў Рэспублікі Беларусь.

Как вам новость?
Головоломки